Кастусёва і Фядуту падазраюць у злачынстве


Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва затрымалі. Прычына: па ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкаю на КДБ. Затрыманне адбылося ў межах распачатай крымінальнай справы. Дакладную інфармацыю ведамства абяцае даць пасля следчых дзеянняў.

На лецішчы сям’і Рыгора Кастусёва – старшыні Партыі БНФ – працаўнікі Камітэту дзяржбяспекі правялі ператрус. А самога палітыка затрымалі напярэдадні вечарам у родным Шклове і завезлі ў Менск, дзе змясцілі ў Следчы ізалятар КДБ. Паводле зяця, падазраюць Кастусёва ў крымінальнай справе – арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

«Я апошнім часам у размовах не бачыў ніякіх такіх падставаў, каб меркаваць, што нешта рыхтуецца, такое, што можна падвесці пад такі артыкул. Гэта для мяне было проста не зразумела», – кажа зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык.

У тым, што падставаў для гэткага абвінавачання, калі сачыць за палітычным жыццём Рыгора Кастусёва, няма, упэўнены і старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

«Адзінае, што прыходзіць у галаву, – гэта падача заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню Волі, якое адбылася літаральна ў мінулым месяцы. І гэтая заяўка была не задаволеная, тым не менш, сам факт падачы заяўкі ўжо тады выклікаў бурную рэакцыю з боку беларускіх спецслужбаў», – гаворыць Губарэвіч.

На мінулым тыдні старшыня Партыі БНФ разам кіраўніком партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком і прадстаўніцаю БСДП Людмілаю Волкавай падпісаў і падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзенне Чарнобыльскага шляху. Адказ улады маюць даць да 21 красавіка.

«У прыказцы кажуць: за спрос не б’юць у нос. Па-мойму, Аляксандр Лукашэнка і ягоная ўлада пацвярджае адваротны выпадак: за спрос б’юць у нос. Калі хочаш быць законапаслухмяным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, хочаш правесці мерапрыемства паводле законаў, якія дзейнічаюць, – гэта становіцца падставаю для рэпрэсіяў», – кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Юрый Меляшкевіч.

Сёння затрыманне старшыні Партыі БНФ пацвердзілі ў Камітэце дзяржбяспекі. Пра гэта паведаміў дзяржаўны інфармацыйны рэсурс БелТА. Рыгора Кастусёва, як і зніклага напярэдадні Аляксандра Фядуту, затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

«Пасля правядзення неадкладных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых захадаў будзе пададзеная поўная інфармацыя пра гэтую сітуацыю».

Палітычны кансультант і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута перастаў выходзіць на сувязь увечары 11 красавіка. Трывогу забіла жонка Марына Шыбко. Ейны муж прыкладна месяц быў у Маскве.

«Абсалютна не бачу на сённяшні момант ніякай сувязі паміж дзеяннямі пана Рыгора і Аляксандра Фядуты. Я больш яго ведаю як літаратара і даследчыка гістарычнага мінулага, хоць які, безумоўна, мае палітычную свядомасць, каб быць у Беларусі цікавым палітолагам», – зазначае Юрый Меляшкевіч.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі арыштоўваў Аляксандра Фядуту і раней, у снежні 2010 года падчас прэзідэнцкіх выбараў. У выніку палітолага асудзілі на 2 гады ўмоўна.

Рыгора Кастусёва ў 2010 годзе пабілі, арыштавалі і кінулі ў СІЗА КДБ за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня.

Пытанне, ці будзе распачатая крымінальная справа супраць Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва цяпер, мае быць развязанае цягам 12 гадзінаў з моманту фактычнага затрымання. У адваротным выпадку іх павінны вызваліць.

Анастасія Русецкая, «Белсат»