«Усё паўсюль і адразу». На цырымоніі «Оскар» назвалі найлепшыя фільмы мінулага года


Эфектным з’яўленнем на парашуце комік Джымі Кімэл распачаў цырымонію ўзнагароджвання амерыканскай кінаакадэміі «Оскар». Цягам вечара ў зале лос-анджэлескага кінатэатру «Долбі» новых уладальнікаў знайшлі залатыя статуэткі ў 23 намінацыях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абсалютным трыумфатарам стаўся фільм «Усё паўсюль і адразу».

Стужка трапіла ў адзінаццаць намінацыяў і ў сямі з іх перамагла. Пры гэтым забрала «Оскары» у галоўных катэгорыях: найлепшая рэжысура, найлепшы сцэнар, найлепшая жаночая роля і найлепшы фільм.

«Я проста хачу сказаць вялікі дзякуй усім прысутным, вы ўсе натхнілі мяне. Я думаю, што адна з рэчаў, якія я зразумеў, пасталеўшы, палягае вось на чым: сярод лепшага, што мы можам зрабіць адно для аднаго, – гэта абараніць адно аднаго ад хаосу гэтага варʼяцкага свету, у якім мы жывем», – кажа Дэніел Кўан, рэжысёр фільму «Усё паўсюль і адразу», пераможца «Оскар 2023».

«Усё паўсюль і адразу» – фантастычная гісторыя дзяўчыны Эвэлін, якая даведваецца, што ўмее вандраваць паміж вымярэннямі. Ёй выпадае місія выратаваць мультысусвет.

«Смелая гульня з жанрамі. Нехта з крытыкаў нават назваў гэта жанравай анархіяй. Поўнае шаленства на фоне якога разгортваецца вельмі чуллівая сямейная драма. Развіваецца ў паралельных сусветах. Гэта вельмі ўражвае, гэта незвычайна і пры гэтым выглядае прыемна не прэтэнцыёзна», – распавядае пра фільм кінакрытык і сябра Беларускай рады культуры Ірэна Кацяловіч.

Чатыры «Оскары», у тым ліку за найлепшы замежны фільм, забрала нямецкая стужка «На заходнім фронце без зменаў» паводле раману Эрыха-Марыі Рэмарка. Статуэтку за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Брэндан Фрэйзэр за ролю ў драме «Кіт» рэжысёра Дэрэна Аранофскі. Найлепшаю анімацыйнаю стужкаю стаў «Пінокіё Гіллерма дэль Тора».

«Незвычайны погляд на гэтую казку. Яна перанесена ў гісторыю Італіі 30-х гадоў, звязана з італьянскім фашызмам. Згадваецца нават Мусаліні. Ёсць разважанні наконт фашызму і гуманізму. Вельмі круты погляд на сучасную анімацыю, менавіта аўтарскую», – дзеліцца сваім меркаванне журналіст Тарас Тарналіцкі.

Паспяховыя блокбастэры «Чорная пантэра», «Топ Ган», і чарговая частка «Аватару», а таксама біяграфічная стужка «Элвіс» гэтым разам ці абмежаваліся перамогамі ў тэхнічных намінацыях, ці наагул засталіся без статуэтак.

Вялікая ўвага на цырымоніі была прыкутая да намінацыі дакументальнага кіно. «Оскар» у ёй атрымала стужка «Навальны» – пра гісторыю атручвання расейскімі спецслужбамі палітыка Аляксея Навальнага.

«Аляксей, свет не забыўся пра вашае жыццёва важнае пасланне ўсім нам. Мы не можам, мы не мусім баяцца выступаць супраць дыктатараў і аўтарытарызму, дзе б яны ні ўздымалі галаву», – кажа Дэньел Рор, рэжысёр фільму «Навальны», пераможца «Оскару-2023».

Сярод намінантаў у гэтай катэгорыі значылася і стужка «Дом з аскепкаў», што распавядае пра дзіцячы дом у прыфрантавой зоне Данбасу.

«На мой погляд фільм пра навальнага даволі слабы. Тыя, хто ведае пра гэтую гісторыю, нічога новага не пачарпнуць, Яна даволі плоская, там няма нейкай звыш працы дакументаліста», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Перамога стужкі «Навальны» выклікала незадаволенасць як у інфапрасторы Украіны, дзе прыпомнілі таксама адмову ў выступе Уладзіміра Зяленскага падчас цырымоніі, гэтак і ў Крамлі, дзе прэсавы сакратар Пуціна назваў прэмію «Оскар» для «Навальнага» «палітызацыяй Галівуду».

Аляксандр Баразенка, «Белсат»