Лукашэнка стварае «вось зла»?


Дэлегацыя менскага рэжыму на чале з самім Лукашэнкам падчас паездкі ў Іран падпісала з тамтэйшым кіраўніцтвам шэраг пагадненняў: у галіне эканомікі, навукі, культуры ды нават турызму. Хаця ранейшыя беларуска-іранскія супольныя праекты поспеху не мелі. Ці дадуць новыя дамоўленасці з Іранам нейкі эканамічны эфект? І пра што два аўтарытарныя рэжымы маглі дамаўляцца за зачыненымі дзвярыма?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стасункі паміж Менскам і Тэгеранам апошнім часам былі не надта інтэнсіўнымі. Гэта прызнаў і Лукашэнка падчас сённяшняй сустрэчы з іранскім прэзідэнтам. Цяпер менскі рэжым, падобна, імкнецца ажывіць супрацу. Паездкі Лукашэнкі па прыязных яму краінах таксама паказваюць, што ў рэжыму яшчэ ёсць свая вонкавая палітыка.

«Ён гэта робіць, каб утрымаць хоць нейкія элементы сваёй дзяржаўнасці. А таксама каб паказаць свету, што ён самастойны гулец і мае нейкія вонкавыя стасункі», – кажа экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі Наталля Бутырская.

«Краінам трэба дыверсіфікаваць свае сувязі з улікам заходніх санкцыяў. І Лукашэнка падчас візіту рабіў акцэнт на эканоміку. Казаў пра таваразварот, пра страчаныя магчымасці, што ён раней не звяртаў увагі на Іран», – адзначае карэспандэнтка выдання «Коммерсант» па Блізкім Усходзе Марыяна Беленькая.

Менск і Тэгеран і раней спрабавалі развіваць супольныя эканамічныя праекты. Напрыклад, вытворчасць у Беларусі іранскіх легкавікоў. За 5 гадоў вырабілі ды прадалі меней за 1000 аўтамабіляў. Не атрымалася і супольная здабыча нафты на іранскім радовішчы. Таваразварот паміж краінамі даволі сціплы: летась ён склаў 101 мільён долараў. Заходнія санкцыі наўрад ці дазволяць Беларусі ды Ірану дасягнуць прарыву, кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

«Больш складаныя, не прымітыўныя агульныя праекты ўсё адно будуць завязаныя на тэхналогіі і абсталяванне з трэціх краінаў. Але набыць гэта яны не змогуць, бо абмежаваныя і адныя, і другія», – мяркуе Алесь Чайчыц.

Лукашэнка, аднак, на словах дэманстраваў аптымізм. Бакі падпісалі дарожную мапу супрацы ў сферах палітыкі, эканомікі, культуры, навукі, медыяў і турызму. Заяўляецца пра планы адкрыць беспасярэдняе паветранае злучэнне паміж Беларуссю ды Іранам. Гэта з агучанага афіцыйна. Але галоўная мэта, пра якую не кажуць уголас, – наладзіць у Беларусі з дапамогай Ірану вытворчасць зброі, кажа намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

«З нашых крыніцаў мы атрымалі інфармацыю, што адбыўся таксама візіт у Іран прадстаўнікоў ракетных войскаў Беларусі і прадстаўнікоў вайскова-прамысловага камітэту. І падчас гэтай сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць вытворчасці ці супольнай вытворчасці балістычных ракетаў», – сцвярджае Павел Латушка.

Адметна, што ў склад беларускай дэлегацыі ў Іране трапіў кіраўнік вайскова-прамысловага камітэту Дзмітрый Пантус. Хаця пра вайсковую супрацу афіцыйна не гаварылася. На думку палітычнага аглядальніка выдання «Позірк» Аляксандра Класкоўскага, вытворчасць зброі ў Беларусі можа быць патрэбная не столькі Ірану, колькі самому Лукашэнку.

«Сам Менск, напэўна, зацікаўлены ў пэўных іранскіх тэхналогіях ракетных. Бо ў Лукашэнкі ідэя-фікс у гэтай галіне: атрымаць больш дальнабойныя ракеты. А ў Ірану такія распрацоўкі ёсць», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Іран таксама можа быць зацікаўлены ў некаторых беларускіх распрацоўваннях, адзначае палітычны аглядальнік. А сама сустрэча Лукашэнкі з іранскім кіраўніцтвам выглядае як частка глабальнага працэсу.

«Мы бачым з вамі зараз, што адбываецца фактычна пабудова восі зла. Яна ўжо фактычна выбудоўваецца. Гэта Масква, Менск, Тэгеран, Пхеньян», – мяркуе Павел Латушка.

Застаецца пытанне – ці далучыцца да восі Кітай. Імаверна, гэта стане ясна пасля запланаваных размоваў Сі Цзінь Піна з Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным.

Валянцін Васіленка, «Белсат»