Расейцы працягваюць наступ на Бахмут, але ўкраінцы абараняюцца


Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла, што за апошнія два тыдні Расея, пэўна, зазнала самы высокі ўзровень стратаў з пачатку маштабнага ўварвання ва Украіну. Паводле звестак Генштабу ЗСУ, апошні тыдзень штодня гінулі ў сярэднім 824 расейскія вайскоўцы.

Вайсковы эксперт з Украіны Алег Жданаў тлумачыць, што ў расейцаў здольнасць да навучання на тактычным узроўні яшчэ часам бывае, а вось аператыўна-стратэгічнага ўзроўню ўжо няма. «Як дзеялі, так і працягваюць. У нас цяпер на кожным участку фронту свая Чарнабаеўка. Накрываем – яны ўсё роўна туды прыходзяць. І яны ведаюць, што там іх накрыем, але яны ўсё адно прыходзяць туды ж».

Пры гэтым у Вялікай Брытаніі заўважылі, што і Украіна цярпіць вялікія страты ад расейскіх ракетных абстрэлаў і баёў. Жорсткая бітва за Бахмут працягваецца. Расейскае войска павольна атачае горад. Імаверна, мэта – захапіць яго да гадавіны ўварвання, да 24-га лютага. У некаторых раёнах гораду ўжо ідуць вулічныя баі, але ўкраінскія вайскоўцы па-ранейшаму ўтрымліваюць Бахмут, нягледзячы на мароз і нястачу боепрыпасаў.

«Большую частку Бахмуту кантралююць украінскія падраздзяленні сілаў абароны, – тлумачыць Тарас Беразавец, прэс-афіцэр брыгады спецназу імя Івана Бегуна. – Расейскія падраздзяленні – гэта, найперш, расейскі спецназ і падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў, якія ажыццяўляюць штурмавыя дзеі. Адтуль быў цалкам выведзены кантынгент наймітаў Вагнэра. Гэта было зроблена яшчэ прыблізна 10 дзён таму з прычыны практычна поўнага іхнага знішчэння».

Цяпер расейцы фактычна ўзялі пад кантроль абедзве галоўныя дарогі, якія вядуць у Бахмут, і гэта вельмі ўскладніла забеспячэнне ўкраінскіх сілаў. Расейцы наступалі таксама каля Крэмінной і Белагораўкі, гарачыя баі працягваюцца паблізу Салядару і Вуглядару.

Бі-Бі-Сі, між тым, сцвярджае, што на поле бою адпраўляюць новыя хвалі наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Тым часам з’явілася інфармацыя пра чарговая пакаранне кувалдаю, што стала, можна сказаць, «фірменнай адзнакаю» кампаніі. У адным з тэлеграм-каналаў, звязаных з «вагнэраўцамі», зʼявілася відэа. На ім мужчына са звязанымі рукамі апавёў пра тое, як ён трапіў да «Вагнэра». Кажа, што пра іх нават і не чуў раней. Але калі сядзеў за кратамі ў Саратаўскай вобласці, пайшлі чуткі, што невядомыя ездзяць па калоніях і набіраюць у Вагнэр.

Пазней таго самага найміта паказалі ў нейкім сутарэнні. Ён сказаў, што «гэта не ягоная вайна», і што меўся збегчы з фронту. І пасля гэтага нехта нібыта нанёс мужчыну некалькі ўдараў кувалдаю па галаве. Паказалі і іншае відэа, з якога вынікае, што крымчака Дзмітрыя Якушчанку ўсё ж памілавалі.

Упаўнаважаная ў справе правоў чалавека ў Расеі Таццяна Маскалькова заявіла, што папросіць Следчы камітэт праверыць сапраўднасць першага відэазапісу, дзе Якушчанку «пакаралі смерцю».

Тым часам прэзідэнтка Малдовы Мая Санду атрымала ад украінскіх уладаў доказы, што Крэмль плануе разгойдваць сітуацыю ў Малдове. Нібыта расейскія спецслужбы рыхтуюць сілавыя правакацыі з удзелам дыверсантаў з Расеі, Беларусі, Сербіі ды Чарнагорыі. Пра гэта Мая Санду заявіла на адмысловым брыфінгу. Мэта гэтых дзеянняў, паводле пераканання Маі Санду, – «зрынанне канстытуцыйнага ладу, змена законнай улады ў Кішынэве на лаяльных да Крамля людзей. Гэта паставіць нашую краіну ў залежнасць ад Расеі, каб спыніць працэс еўраінтэграцыі, а таксама каб Расея змагла выкарыстоўваць Малдову ў вайне супраць Украінцаў».

Прэзідэнтка Санду запэўніла, што сілавыя структуры Малдовы гатовыя спыняць правакацыі ды трымаюць сітуацыю пад кантролем.

Марына Яновіч, Белсат