Не пазней за 18 студзеня: Ярмошына анансавала рэферэндум


Паводле календара выбараў і рэферэндумаў, абіраць дэпутатаў у мясцовыя саветы будуць не пазней за 18 студзеня налета. Рэферэндум хутчэй за ўсё будзе ў сярэдзіне снежня – паведаміла выданню «Спутник» старшыня выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына. Правесці рэферэндум адначасова з выбарамі – гэтак можна ашчадзіць айчынны бюджэт. Маўляў, на выбары грошы адкладзеныя, а рэферэндум – паводле кіраўніцы ЦВК – гэта заўсёды спантанна.

«Калі ў гэтай новай Канстытуцыі будуць, скажам, паменшаныя паўнамоцтвы прэзідэнта і там не будзе згадкі пра Усебеларускі народны сход, тэарэтычна разважаючы, можна і галасаваць за такую Канстытуцыю. Але гэта абсалютна абстрактныя думкі, пакуль мы не ведаем увогуле, што будзе за Канстытуцыя. Зразумела, што гэтую Канстытуцыю Лукашэнка будзе пісаць пад сябе», – мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч.

Пэўныя змены ў Канстытуцыі прапанавала яшчэ Святлана Ціханоўская. Якія настойлівыя прапановы выставяць беларусам улады – пакуль невядома, але пасля леташняга жнівеньскага электаральнага досведу, энтузіязму ў апытаных намі мінакоў няшмат.

«Я думаю, што ён пройдзе так жа сама, як і выбары. І наступствы будуць такія ж. Вельмі дрэнны год чакае»

«З мінулага вопыту – гэты рэферэндум не мае ніякага сэнсу, бо калі галасы будзе лічыць Ярмошына, то вынікі ўжо вядомыя»

«Ён будзе такім, як захочуць улады. Ну то бок вынікі будуць гэтак жа сфальсіфікаваныя», – кажуць жыхары і госці Менску.

Галоўная ж мэта ўладаў і Лукашэнкі ў прыватнасці – канчаткова замацаваць свае пазіцыі. Не дазволіць пратэстам аднавіцца, каб нішто не замінала доўга абяцанаму рэферэндуму.

«Лукашэнка разлічвае, што цягам гэтага года ён так заспакоіць грамадства, так утрамбуе сваю палітычную прастору, ён так зараўнуе ўсіх у асфальт, што можна будзе не турбавацца наконт таго, каб гэтая электаральная кампанія прайшла спакойна», – мяркуе Валерый Карбалевіч.

Бо электаральная кампанія павінна адбывацца ў пэўных межах. Агітацыю, сустрэчы з кандыдатамі і мітынгі заканадаўства дазваляе. Таму гэтая электаральная кампанія павінна быць не традыцыйнай, лічыць Валерый Карбалевіч. Што само сабою павялічвае імавернасць новае хвалі пратэстаў.

Надзея Бельская, «Белсат»