1090 чыноўнікаў гатовыя выступіць супраць Лукашэнкі


Больш за тысячу беларускіх чыноўнікаў гатовыя падпісаць адкрыты ліст з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы дыпламат і міністр Павел Латушка.

Столькі незадаволеных функцыянераў назбіралася ўсяго за 10 дзён. Хто яны – не зусім адданыя Лукашэнку?

«Я не хачу тут перабольшваць вашае значэнне», – звяртаўся да дэлегатаў УНС іх арганізатар…

Усё шчыльней Лукашэнка гуртуе вакол сябе прыхільнікаў. Яшчэ больш разлічваюць на дапамогу вертыкалі прыхільнікі пераменаў. У Народным антыкрызісным кіраванні цвердзяць, што на гэты момант 1090 чыноўнікаў гатовыя падпісаць адкрыты ліст аб адстаўцы Лукашэнкі.

Уладзімір Астапенка, чалец Народнага антыкрызіснага кіравання:

«Большая частка падпісантаў – гэта дзейныя чыноўнікі. Подпісы, якія мы атрымалі пад гэтым лістом, праходзяць працэдуру верыфікацыі. Цягам часу гэтая інфармацыя будзе пашырацца, інтарэс да ініцыятывы з боку дзяржслужбоўцаў будзе расці. Тэхнічна апытанне ажыццяўляецца праз спасылку на чат-бот ініцыятывы «Сумленныя людзі», з якой антыкрызіснае кіраванне запусціла праект. Кантакт ідзе па надзейных каналах сувязі».

Уладзімір Астапенка публічна выказаў падтрымку пратэстоўцаў, звольніўся з пасады амбасадара Беларусі ў Аргентыне і заклікаў дзяржаўных служачых «праявіць добрасумленнасць, якая, як вядома, не прадугледжвае гераізму, але прадугледжвае няўдзел у подласці».

Збольшага ў першы месяц пасля выбараў сыпаліся звальненні з Адміністрацыі Лукашэнкі, Генпракуратуры, дзяржагенцыяў. У адстаўку пайшоў кіраўнік лукашэнкаўскага пула Дзмітрый Семчанка, шэраг чальцоў Міністэрства замежных справаў.

У МЗС працаваў і Валеры Кавалеўскі. Звольніўся пасля выбараў 2006-га году. Цяпер ён прадстаўляе Святлану Ціханоўскую ў міжнародных справах і ўжо звяртаўся да чынавенства:

«Я разумею, што дэманстратыўная адстаўка можа суправаджацца пераследам, траўляю, арыштам і нават крымінальнымі справамі. Для некага адстаўка пагражае выплатамі па кантрактах. Але давайце будзем шчырымі – як раней, ужо не будзе».

У прапанаванай беларусам Святланаю Ціханоўскай «стратэгіі перамогі» ключавая роля – за чальцамі «старой сістэмы». Яе кабінет разам з Каардынацыйнай Радай, Народным антыкрызісным упраўленнем і офісам экс-кандыдата Валерыя Цапкалы запускаюць праграмы дзеля разбурэння рэжыму знутры.

Святлана Ціханоўская ў звароце казала: «Калі мы ўсе ўключымся ў работу, да канца вясны ў нас будзе моцная пазіцыя для дыялогу. І тады ў траўні мы пачнем перамовы з прадстаўнікамі старой сістэмы і мы абавязкова пераможам».

Лукашэнка пад час сходу супакойваў дэлегатаў: «Калі да ўлады прыйдуць не тыя і ў іх будуць іншыя погляды, то другім пунктам мы запішам (у Канстытуцыю. – заўв. рэд), што а ні валасок з вас і прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта ўпасці не можа».

Адно ці зможа Лукашэнка выканаць гэтыя абяцанні, калі да ўлады прыйдзе апазіцыя? Усе прынятыя ім пасля 9 жніўня рашэнні, як і будучыя папраўкі ў Канстытуцыю, будуць прызнаныя несапраўднымі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»