Што рабіць, калі да вас завіталі калядоўнікі і як самым адправіцца калядаваць?


Абыход двароў, рытуальныя застоллі, моладзевыя вячоркі, гульні ды ігрышчы – гэта ўсё беларускія Каляды.

Жывая традыцыя народу, якую можна пабачыць на ўласныя вочы. У праваслаўных вернікаў калядныя абыходы прымяркоўваліся найчасцей да Раства ці Шчодрага вечара, што прыпадае менавіта на сёння. Што рабіць, калі да вас завіталі калядоўнікі і як самым адправіцца калядаваць?

Каляды ва Усходняй Еўропе – гэта не адзін дзень, а досыць працяглы перыяд, прымеркаваны да зімовага сонцастаяння і самых кароткіх дзён. Калі браць старажытнае значэнне, то гурт калядоўнікаў успрымаўся нават як пасланцы Бога.

«Шчодры вечар кульмінацыйнае свята ўсяго каляднага цыклу. З 13-га на 14-га ў большасці рэгіёнаў Беларусі святкуюць гэты дзень, калі робіцца багаты стол, багатая шчодрая куцця. Збіраецца ўся сям’я, і вядома ў гэты дзень ходзяць шчадруюць: з Казой, з Мядзведзем, з усімі каляднікамі», распавядае Сяргей Доўгушаў, беларускі культурніцкі дзеяч, кіраўнік гурта «Касары».

Справа калядоўнікаў – несці магчымасць лепшай будучыні ў кожную хату. У сваю чаргу гаспадары хаты маюць залагодзіць іх, прапанаваць розныя пачастункі. Раней была распаўсюджаная традыцыя ладзіць Каляды талакою. Асабліва ў вёсках, калі калядоўнікі абыходзілі амаль кожны двор, пелі песні, танчылі. Як да кагосьці не змаглі трапіць, то гаспады падворку моцна крыўдзіліся. Што ж рабіць, калі да вас усё ж завіталі калядоўнікі?

«Я лічу, што трэба сустракаць з добрым настроем, таму што Каляды час святочных цудаў. Сам прыход каляднікаў прыносіць абавязкова радасць на Новы год, а калі каляднікаў яшчэ і шчодра адарыць, то ваш і наступны год будзе шчодрым», кажа Алесь Механоша, удзельнік гурта «Касары».

Часта калядоўнікі апранаюцца ў цыганоў, Мядзведя і Казу. Важна ў часе калядавання не забыцца ўзяць з сабой усмешку, а таксама бубен ці гармонік.

«Вывучыць усе гэтыя ролі, вывучыць рэпертуар, таму што на Беларусі было вельмі шмат калядных песень. Мець цудоўны настрой, дзяліцца ім з гаспадарамі, і гаспадары вас абавязкова адораць. Таму што вы прыносіце сваім знаходжаннем там ім шчаслівы Новы год», падкрэсліў Алесь Механоша, удзельнік гурта «Касары».

Шмат хто адзначае і гэтак званы стары Новы год – ён жа Новы год паводле старога стылю. Свята зʼявілася ў звязку са зменаю сістэмы летазлічэння. Паводле народнага календара, напярэдадні зімовай урачыстасці, згодна са старым стылем, вечар называецца Васільевым. Лічыцца, што гэта самы ўдалы час для прадказанняў і варажбы, а ўсё, што будзе наварожана ў ноч на 14-га студзеня, з вялікаю імавернасцю ўвасобіцца ў жыццё цягам года.

«У нас ёсць адметная традыцыя калядавання і шчадравання. Гэта важна ведаць, каб ведаць сябе, свае карані, нашыя песні, нашую мову – гэта ўсе ўзаемазвязана. Адно з самых важных святаў беларусаў быў шчодры вечар, ці Новы год, ці святы Васіля. Таксама Раство, калі ўсе пачынаецца», дадаў Сяргей Доўгушаў, беларускі культурніцкі дзеяч, кіраўнік гурта «Касары».

Магія Шчодрага вечара прыцягвае ў хату дабрабыт і багацце. Чым шчадрэйшы стол, тым багацейшы год. Калі вы хочаце прымножыць свой дабрабыт, то сёння трэба паказаць сваю шчодрасць і багацце. З Новым годам!

Павел Алейнікаў, «Белсат»