О-мікрон наступае


Пекін анансаваў пастаўку ў Беларусь паўтара мільёна дозаў прышчэпак ад каронавіруса. Гэта на сто тысяч болей, чым нашая краіна бясплатна атрымала ад Кітаю летась.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У самім Кітаі змагаюцца з каронавірусам, хутка ліквідуючы лакальныя агмяні інфекцыі. Для гэтай краіны праблема асабліва актуальная, на пачатку лютага тут чакаецца пік турыстычнага сезону праз Алімпійскія гульні і святкаванне ўсходняга Новага года.

Свет жа адзначае новы рэкорд захворванняў з пачатку пандэміі. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, колькасць новых выпадкаў інфікавання за апошнія содні набліжаецца да трох з паловай мільёнаў – 3 395 785 выпадкаў.

«50 з 53 краінаў Еўропы і цэнтральнай Азіі паведамілі пра выпадкі заражэння о-мікронам. Ён хутка робіцца дамінантным вірусам у Заходняй Еўропе, цяпер распаўсюджваецца на Балканы. Пры такіх тэмпах інстытут паказнікаў і ацэнкі здароўя прагназуе, што больш за 50 адсоткаў насельніцтва ў рэгіёне будзе заражанае о-мікронам цягам бліжэйшых шасці-васьмі тыдняў», – адзначае кіраўнік Еўрапейскага бюро Сусветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге.

Медыкі лічаць, што адзін носьбіт о-мікрону можа заразіць ажно сто чалавек, і ў гэтым паказніку о-мікрон пераўзыйшоў адзёр, які дагэтуль лічыўся найбольш заразнай інфекцыяй у свеце. Па-ранейшаму адзінай абаронай ад віруса застаецца вакцынацыя, кажа кіраўнік нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі Украіны Фёдар Лапій.

«Вакцыны, якія мы маем у сваім арсенале, высокаэфектыўныя – нават у выпадку варыянту о-мікрон. Але яны эфектыўныя, калі гаворка ідзе пра перадухіленне цяжкога працякання ковід-19, а не пра папярэджанне заражэння», – кажа Фёдар Лапій.

У Беларусі каля чатырох мільёнаў жыхароў прайшлі поўны курс вакцынацыі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, штодня выяўляюць каля тысячы новых выпадкаў хваробы. За мінулыя содні памерлі 17 чалавек, а за ўвесь час пандэміі толькі паводле афіцыйнай статыстыкі праз ковід Беларусь згубіла 5774 асобы – прыкладна столькі людзей жыве ў невялікім райцэнтры, кшталту Вушачаў, Краснаполля ці Вялікай Бераставіцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»