«BYPOL»: за вамі сочаць


Беларусь небяспечная для жыцця краіна. А выбар – быць беларускім апазіцыянерам – не такі бяспечны нават для эмігрантаў. Ініцыятыва «BYPOL» раскрыла ў Польшчы агентаў ваеннага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення. Новае расследаванне датычыць дваіх супрацоўнікаў спецслужбаў, якія збіралі інфармацыю ў асяродку палітычных эмігрантаў. Якія высновы варта зрабіць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2009 год, 2016 ці то 2020… Пад пільнаю ўвагай камераў КДБ і міліцыі ў гэтым стагоддзі праходзілі ўсе апазіцыйныя мітынгі і шэсці беларусаў.

У Кіеве, Вільні ці Варшаве, дзе беларусы пратэстуюць цяпер, такое не пройдзе. Але і там дзейнасць людзей, якія выехалі з палітычных прычынаў, спрабуюць адсочваць – распавяла ініцыятыва «BYPOL» у новым расследаванні.

«Цалкам расслабляцца не варта, так як наведваюць дадзеныя мерапрыемствы і іх агенты нашай краіны. Адным з такіх пасажыраў аказаўся ўладальнік зялёнага дыпламатычнага пашпарту палкоўнік Аляксей Дудыкін. У Варшаве Дудыкіна ўжо чакаў ягоны калега – Дзмітрый Дунай», – гаворыцца ў матэрыяле.

Гэта вайскоўцы дзявятага аддзелу Галоўнага разведвальнага ўпраўлення генштабу Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, які выкарыстоўваецца акурат для збору інфармацыі і сачэння за апазіцыйнымі актывістамі і палітычнымі лідарамі за мяжою. І для іх магчымай ліквідацыі.

«Чым у Варшаве займаліся і якога роду інфармацыю збіралі – у падрабязнасцях казаць не будзем. Гэта задача польскай контрвыведкі«, – кажа прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

У размове з намі прэс-сакратар спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын не пацвердзіў, але і не абверг фактаў, што ў краіне вядзецца праца па выяўленні агентуры Аляксандра Лукашэнкі. А таксама па недапушчэнні правакацыяў падчас публічных беларускіх акцыяў.

З пытаннямі аб бяспецы за мяжой мы звярнуліся да суаўтара расследавання.

«Хтосьці за кімсьці сочыць, усталявалі нейкіх людзей на мітынгу, якія стаялі там, нешта запісвалі, Ці хадзілі за кімсьці, ці каля гасцініцы машына стаяла з нейкімі падазронымі людзьмі… Нам такую інфармацыю дасылаюць пастаянна».

У сваіх відэа «BYPOL»паказваў матэрыялы з пагрозамі помсты з боку сілавікоў. Найбольш асцярожнымі варта быць актыўным праціўнікам рэжыму – лідарам фондаў, арганізацыяў, экспертам, палітыкам і журналістам, – лічаць у офісе Святланы Ціханоўскай.

«Трэба сачыць за бяспекай, прытрымлівацца лічбавай гігіены, мяняць паролі, карыстацца VPN, шыфраваць дадзеныя. Але ня варта ўпадаць у істэрыку, паніку або паранойю. Шмат у чым мэта людзей, якія з вамі ходзяць і ўсяляк паказваюць, што вы пад каўпаком – запалохванне», – пракаментаваў Франак Вячорка.

Прадстаўнікі «Байполу» таксама звяртаюць увагу, што вялікія хлопцы, якія непрыхавана назіраюць за акцыямі пратэстаў за мяжой – часцяком аказваюцца прадстаўнікамі мясцовых спецслужбаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»