Зяленскі просіць у ЗША дапамогі


Вызначальны тыдзень для Украіны. У Бруселі пастанаўляюць, ці пачынаць перамовы пра ўступленне краіны ў Еўразвяз. А Уладзімір Зяленскі працягвае візіт у ЗША, каб дабіцца разблакавання фінансавай дапамогі Кіеву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вашынгтон, Капітолій. Уладзімір Зяленскі сёння выступіў перад Кангрэсам ЗША. Галоўнае пытанне – важнасць далейшага падтрымання Украіны.

Менавіта Кангрэс дасюль не ўхваліў запыту прэзідэнта Байдэна – надаць дадатковае фінансаванне Украіне. На мінулым тыдні рэспубліканцы ў Сенаце ЗША заблакавалі законапраект аб вылучэнні Кіеву больш як 61-го мільярда долараў дапамогі, патрабуючы жорсткія змены ў міграцыйнае заканадаўства.

«Пытанне ўкраінскай дапамогі ў амерыканскім палітычным дыскурсе сталася палітызаваным. Гэта значыць, фактычна яно сталася для канкрэтнай групы, Рэспубліканскай партыі, а менавіта трампістаў і кансерватараў, гатовых да іх далучыцца, элементам вялікай палітычнай гульні. Яны разумеюць, што наступны год – выбарчы – для іх будзе вельмі складаны», – распавёў дырэктар праграмы «Паўночная Амерыка» Рады замежнай палітыкі «Українська призма» Аляксандр Краеў.

Перамовы ў Сенаце трываюць, аднак малаімаверна, што дзве кіроўныя партыі знойдуць кампраміс да 15-га снежня, калі ў Кангрэсе пачнуцца калядныя вакацыі. Аднак яшчэ ніколі ў гісторыі дзяржаўныя інтарэсы ЗША, куды ўваходзіць Украіна, не былі менш важныя за інтарэсы якой-небудзь асобнай палітычнай сілы, мяркуе вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

«Таму рэспубліканцы, нават калі яны не змогуць дамагчыся нейкіх саступак з боку дэмакратаў адносна гэтага пытання, усё роўна вымушаныя будуць адступіць. Бо яны, як ні дзіўна, але ўсё ж у меншасці перад дзяржаўнымі інтарэсамі краіны».

Тое, што ЗША ды іншыя партнёры Украіны выканаюць свае фінансавыя абавязкі, чакаюць у Міжнародным валютным фондзе. Напярэдадні ж стала вядома, што арганізацыя ўхваліла вылучэнне Кіеву дзевяцісот мільёнаў долараў дапамогі.

«Я вельмі радая прымаць прэзідэнта Зяленскага тут, у МВФ, асабліва ўлічваючы выключна высокія паказнікі ўкраінскай эканомікі, не зважаючы на вайну, якая ўсё яшчэ працягваецца ў краіне. Мы вельмі шчыльна супрацоўнічалі з эканамічнаю камандай Украіны цягам апошняга часу, тыдняў, і сёння мы завяршылі другі агляд нашай праграмы пад сцягам узмацнення эканамічных паказнікаў ва Украіне», – заявіла дырэктарка-распарадчыца МВФ Крысталіна Геаргіева.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

Неспакой адносна неперарыўнасці падтрымання Украіны з боку ЗША нарастае ў Еўразвязе. Больш за сотню еўрапейскіх дэпутатаў з меней як 17-ці краінаў падпісалі ліст да Кангрэсу ЗША, паведаміла агенцтва «Ройтэрз». У ім палітыкі заклікаюць кангрэсменаў разблакаваць далейшую вайсковую дапамогу Кіеву:

«Мы чуем занепакоенасць, выказаную нашымі амерыканскімі сябрамі. Цягам гадоў амерыканскія лідары, дэмакраты і рэспубліканцы прасілі еўрапейцаў узяць на сябе больш адказнасці за ўласную бяспеку. Мы згодныя з гэтаю законнаю просьбаю».

Пры гэтым у Еўразвязе традыцыйна таксама няма адзінай пазіцыі адносна фінансавай дапамогі Украіне. Праз палітычныя рознагалоссі сярод краінаў ЕЗ Кіеў можа не атрымаць 50-ці мільярдаў еўраў, абяцаных некалькі месяцаў таму Бруселем. Рашэнне ў гэтым пытанні маюць прыняць на двухдзённым саміце Еўразвязу, які пачнецца ў чацвер, 14-га снежня.

На фронце пакуль жа без істотных перамог. Паводле Інстытуту вывучэння вайны, праз дрэннае надвор’е група ЗСУ паспяхова транспартавалася на левы бераг Херсоншчыны. А расейскія войскі неістотна прасоўваюцца на рубяжы Купянск-Сватава-Крэмінная і ў раёне Аўдзееўкі.

«Расейцы маюць мэту захапіць Аўдзееўку, каб задаволіць патрэбы свайго гэтак званага прэзідэнта Пуціна. Гэта палітычнае рашэнне, не тактычнае, не стратэгічнае. Аўдзееўка не адыгрывае якой-кольвек ролі ў тактычным плане. Але для Пуціна вельмі важна ў навагоднім звароце да спажыўца інфармацыйнага фаст-фуду паказаць нейкую эпічную перамогу», – мяркуе Аляксандр Каваленка.

Тым часам украінцы выступаюць за працяг барацьбы супраць Расеі, нават пры значным скарачэнні заходняй дапамогі. Паводле апытання Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, гэтак думаюць амаль 60 адсоткаў рэспандэнтаў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»