Галоўны адміністратыўны суд Літвы канчаткова адмовіў «Беларуськалію»


Галоўны адміністратыўны суд Літвы канчаткова адмовіў «Беларуськалію», і не будзе аднаўляць справу аб адмене транзіту. Гаворка пра дамову з Літоўскай чыгункай, разарваную з прычыны пагрозаў нацыянальнай бяспецы Літвы. З той жа прычыны цяпер суд прайшоў у закрытым рэжыме.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Еўразвяз пераглядзіць стасункі з дзяржавамі «Усходняга партнёрства», у тым ліку з Беларуссю. Пра гэта заявіў кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу падчас сённяшняга саміту міністраў замежных справаў у Бруселі.

«Мы павінны пераасэнсаваць, як мы працуем з усходнімі партнёрамі, бо тры дзяржавы “Усходняга партнёрства” сталі кандыдатамі ў Еўразвяз, а адна – вельмі далёка ад Еўрапейскага Звязу: Беларусь», – патлумачыў журналістам кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Ва Усходняе партнёрства ўваходзяць Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан. Гэта праграма, у межах якой Еўразвяз дапамагае дзяржавам-суседзям у стабільным развіцці на дзяржаўным і рэгіянальным узроўні. Беларусь атрымала праз усходняе партнёрства сотні мільёнаў еўраў на медыцыну, дарогі, рэстаўрацыю гістарычных каштоўнасцяў, энергазберажэнне ды шмат чаго яшчэ. Але пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падрабіў выбары 2020 года, еўрапейскія сродкі для Беларусі – замарожаныя.

«Усходняе партнёрства» можна пашырыць і на іншыя краіны, мяркуе міністр замежных справаў Аўстрыі. Сёння ж у Бруселі міністры вызначаліся з новым пакетам санкцыяў для Расеі.

«Мы пераважна маем згоду ў пытанні 9-га пакету санкцыяў адносна Расеі. Ёсць тэхнічныя дэталі, якія трэба высветліць. Хутчэй за ўсё, яны будуць узгодненыя за бліжэйшыя пару дзён, прынамсі на ўзроўні кіраўніцтва Еўрапейскай Рады. І я не чакаю, што якая-кольвек краіна можа заблакаваць санкцыі», – заявіў міністр еўрапейскіх і замежных справаў Аўстрыі.

Александэр Шаленбэрг падкрэсліў, што для Расеі трэба ўвесці абмежаванні на тэхнічныя сродкі, якія могуць быць выкарыстаныя не толькі ў цывільных мэтах, але і для вядзення вайны.

Найбольш рашуча настроеныя прадстаўнікі краінаў, якія перажылі акупацыю Масквы.

«Нашая пазіцыя не змянілася. Больш санкцыяў – больш дапамогі Украіне. Больш вайсковай дапамогі, асабліва цяжкога ўзбраення мусіць быць даслана ва Украіну, каб яна магла вярнуць сваю тэрыторыю», – падкрэсліў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

«Нельга спаўзаць у развагі, што Украіна мусіла б аддаць Расеі нейкія часткі сваёй тэрыторыі, або што Расея мае права на гарантыі бяспекі ад каго-кольвек. Гэта было б стратэгічнаю памылкаю нават у выглядзе развагаў. Бо не Расея патрабуе гарантыяў бяспекі, а Еўропа патрабуе гарантыяў бяспекі ад Расеі», – тлумачыць віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі.

Прэзідэнт Украіны пасля тэлефоннай размовы з Джо Байдэнам анансаваў важныя навіны з саміту Вялікай Сямёркі – краінаў з наймацнейшай гаспадаркай. ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Францыя, Італія, Нямеччына, Японія і Еўразвяз, як арганізацыя, сёння праводзяць сустрэчу з удзелам Украіны.

«Гэты тыдзень будзе важным для супрацы з міжнароднымі партнёрамі. Саміт “Вялікай сямёркі”, канферэнцыя ў Францыі аб аднаўленні ды стойкасці Украіны ўзімку, захады на ўзроўні Еўрапейскага Звязу. Мы рыхтуемся да ўдзелу, чакаем важных вынікаў», – паведаміў Уладзімір Зяленскі.

На гэты момант вядома, што Еўразвяз уводзіць санкцыі супраць шэрагу расейскіх прапагандыстаў, кіраўнікоў СМІ, і публічных асобаў. Таксама Еўразвяз замарозіць актывы чальцоў сям’і Юрыя Кавальчука, алігарха і сябра Уладзіміра Пуціна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»