У ААН асудзілі афіцыйны Менск


Менск гатовы да прыняцця самых жорсткіх мер, калі кансультацыі ў ААН будуць выкарыстаныя для чарговых санкцый. Усе абвінавачванні ў свой адрас беларускі бок называе беспадстаўнымі.

Вось так выглядаў няўдалы штурм мігрантамі польскага памежнага пункту «Кузніца Беластоцкая». Непрыхаваныя спробы прарвацца праз мяжу не спыняюцца цягам пяці дзён. За ахову дзяржаўнае мяжы вайскоўцам падзякаваў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Мы мусім усведамляць, што гэтыя людзі (мігранты) – інструменты тых, хто кіруе за мяжой. Яны выштурхваюць іх за гэтую лінію для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў нас і ва ўсім Еўрапейскім Звязе, а таксама, імаверна, для таго, каб прывесці да канфлікту паміж намі ды нашымі суседзямі з Еўразвязу» – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Шэраг краінаў – чальцоў Рады Бяспекі ААН напярэдадні правялі закрытую нараду, на якой асудзілі афіцыйны Менск за арганізацыю нелегальнай міграцыі ды назвалі рэжым Лукашэнкі пагрозаю для ўсяго рэгіёну.

«Гэтая тактыка непрымальная і патрабуе рашучай міжнароднай рэакцыі ды супрацы, каб прыцягнуць Беларусь да адказнасці. Сітуацыя дэманструе, як рэжым Лукашэнкі стаў пагрозаю рэгіянальнай стабільнасці. Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гэтыя бесчалавечныя дзеянні ды не падвяргаць небяспецы жыцці людзей» – заявіў сталы прадстаўнік Эстоніі пры ААН Свэн Юргенсан.

Прадстаўнікі ж рэжыму ў Менску працягваюць казаць, што віна за крызіс ляжыць на краінах Еўразвязу.

«На жаль, мы сёння знаходзімся ў тэатры абсурду. Краіны Еўразвязу, магутнага блоку НАТО, спрабуюць згуляць танную п’еску аб тым, што быццам бы ад адносна невялікай і зусім талерантнай Беларусі зыходзіць пагроза міру і выставіць яе агрэсарам» – гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глазу.

На фоне крызісу на беларуска-польскай мяжы свае межы ўзмацняе Украіна. Паводле Дмытра Кулэбы, міністра замежных справаў нашай паўднёвае суседкі, непасрэднае дачыненне да мігранцкага крызісу мае Крэмль.

«Расея пачала новы від гібрыднай вайны. У хаду пайшлі розныя тыпы гібрыднай зброі: газ, міграцыйныя патокі, запалохванне, прапаганда. Давайце дамовімся, што цяпер няма асобнага міграцыйнага крызісу ў Беларусі. Ёсць гібрыдная вайна Расеі супраць Еўропы» – сцвярджае прэс-сакратар МЗС Украіны Дмытро Кулэба.

Тым часам мігранты пішуць у сацыяльных сетках паведамленні, у якіх вінавацяць Лукашэнку ў тым, што захраслі на мяжы. Афіцыйны прадстаўнік іракскага Курдыстану – а многія мігранты паходзяць менавіта адтуль – таксама ўпэўнены: вінаватыя ўлады Беларусі.

«На жаль, Беларусь добра падрыхтаваная да таго, каб выкарыстоўваць гэтых людзей у якасці палітычнага козыру супраць Еўрапейскага Звязу. Народ Курдыстану мусіць добра ўсведамляць, што міграцыя ў гэты рэгіён не будзе мець ніякага выніку, паколькі гэта ўсяго толькі палітычны ціск» – кажа афіцыйны прадстаўнік іракскага Курдыстану.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў уначы на захадзе Беларусі тэмпература апусціцца да мінус аднаго градуса. На наступным тыдні ў памежным рэгіёне чакаецца да мінус чатырох. У Сусветнай арганізацыі здароўя заявілі, што больш за палову мігрантаў ужо маюць патрэбу ў медычнай дапамозе.

Міхаіл Прановіч «БЕЛСАТ»