Расейскімі ракетнымі ўдарамі пашкоджаная траціна аб'ектаў энергетыкі Украіны


Раніцаю 12-га кастрычніка ракеты прыляцелі ў Запарожжа, на рынак у Аўдзееўку, у Нікапаль. Паведамляецца таксама пра абстрэлы ў Адэскай вобласці і на Мікалаеўшчыне. Неба над Кіевам патрулююць знішчальнікі. Відавочна, што пасля пажару на Крымскім мосце Крэмль разлютаваўся канчаткова і ўжо бʼе, не разбіраючы – куды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чым даўжэй цягнецца гэтая вайна, тым больш міжнароднай дапамогі патрэбна Украіне. Пра гэта казаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас онлайн-сустрэчы кіраўнікоў «Вялікай сямёркі». Ён перакананы: калі Украіна атрымае дастатковую колькасць сучасных і эфектыўных сістэмаў супрацьпаветранай абароны, ключавы элемент расейскага тэрору – ракетныя ўдары – перастане працаваць.

Яшчэ на пачатку сакавіка афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кербі паведаміў, што Украіна атрымлівае зброю з 15-ці краінаў і вялікія фінансавыя ахвяраванні. З часам колькасць партнёраў павялічылася да 50. А днямі ЗША абвесцілі аб выдаванні 22-га пакету дапамогі. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кербі распавёў пра гэта ў тэлеэфіры:

«Прэзідэнт ухваліў нядаўна выдаткаванне яшчэ больш як 600 мільёнаў долараў. Мы перадамо дадаткова HIMARS, гаўбіцаў і іншых боепрыпасаў, а таксама некаторыя транспартныя сродкі, тактычныя машыны. Вы можаце быць пэўныя, што мы працягнем такія нашыя намаганні і далей».

Паводле кіраўніка Пэнтагону Лойда Остына, вайсковая дапамога Злучаных Штатаў Украіне з 24-га лютага склала амаль 17 мільярдаў долараў. У бліжэйшыя дні ЗША перададуць чатыры ракетныя комплексы HIMARS, а ўвогуле гаворка ідзе пра 18 такіх сістэмаў і боепрыпасы да іх – але ў больш аддаленай перспектыве. Гэтае пытанне, сярод іншых, разглядаюць 12-га кастрычніка на чарговай нарадзе ўдзельнікі Кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны – так званы «Рамштайн-6».

«Я ўхваляю тое, што саюзнікі з NATO даюць сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіне. Лічу гэта надзвычай важным. І я задаволены таксама пастаўкаю нямецкіх сістэмаў ва Украіну», – заявіў на пачатку гэтай сустрэчы генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнберг.

ЗША паабяцалі таксама як мага хутчэй перадаць Кіеву першыя два зенітныя ракетныя комплексы «NASAMS». Нямеччына мае намер прадаставіць зенітныя ракетныя комплексы IRIS-T SLM. Апроч таго, стала вядома, што Нямеччына, Нарвегія і Данія закупяць для Украіны самаходныя гаўбіцы Zuzana-2. 16 самаходных артылерыйскіх установак будуць вырабленыя ў Славаччыне – іх украінскія абаронцы атрымаюць, меркавана, налета. Апроч таго, ФРГ дашле на фронт 100 000 аптэчак першай дапамогі і 405 000 харчовых набораў.

«Цяпер пачынаецца працэс так званага ленд-лізу, калі ўжо можна казаць аб поўным пераходзе ўкраінскага войска на стандарты NATO, на ўзбраенне натаўскіх узораў, – патлумачыў Міхайла Самусь, дырэктар «New Geopolitics Research Network». – Гаворка ідзе аб артылерыі, якая вельмі важную ролю грае ў гэтай вайне. Сістэмы сувязі, кіраванні, беспілотнікі, супрацьтанкавыя сістэмы, ракетныя сістэмы і гэтак далей».

Але, як жартуюць самі ўкраінцы, найбольш буйныя пастаўкі зброі і амуніцыі ім забяспечвае сама Расея. Так званыя «дэнацыфікатары» і «мобікі» часта кідаюць – каб было лягчэй уцякаць ад тых, каго яны прыйшлі нібыта «вызваляць». А тыя вызваляцца чамусьці не захацелі, а наадварот – нішчаць ворага ягонаю ж зброяй. Або робяць з яе забаўныя інсталяцыі.

Марына Яновіч, «Белсат»