Эксперт: прыбыткі «віртуознай лагістыкі» – гэта трук Лукашэнкі


Санкцыі разарвалі ланцужкі дастаўкі прадукцыі, а таму транспарту ў Беларусі патрэбная віртуозная лагістыка, заявіў Лукашэнка. Маўляў, усё, цытата, залежыць ад паваротлівасці Мінтранспарту і «Белавіі», якой забароненыя палёты практычна ва ўсе еўрапейскія краіны. Што адбываецца з транспартаваннем тавараў у Беларусі, які рэальны стан працоўных пенсіяў і ці сапраўды ў інфляцыі вінаватае замежжа?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каб прадаць за мяжу свае тавары і паслугі і закупіць тое імпартнае, што трэба нам – трэба наладзіць віртуозную лагістыку, лічыць Лукашэнка. Дзеюць санкцыі, працягваецца вайна, а транспартная галіна прыносіць Беларусі 45 % валавой выручкі ад экспарту паслугаў – заявіў ён.

«Цяпер штодзённа ў нас на перачапленні парадку тысячы транспартавых сродкаў. То бок сюды прыехалі – будзьце ласкавыя пакінуць свой груз, прычэпы і едзьце ў адваротны бок. Далей мы павязем ваш груз», – падсумаваў.

Цешыцца Лукашэнка, што своечасова ўвёў контрсанкцыі ў галіне, якую назваў адзіным правадніком вонкавагандлёвых аперацыяў.

«Хваліцца высокаю доляй транспарту ў паслугах – насамрэч гэта троху трук. Бо гэтая доля павысілася за кошт таго, што экспарт іншых паслуг скарачаецца. І ў прыватнасці IT-паслугаў», – кажа сувядоўца праграмы «Эканоміка з Чалым» Станіслаў Івашкевіч.

Не здарма «Белстат» схаваў чарговую статыстыку: па гандлі з «сяброўскаю» Расеяй і быццам «несяброўскім» Еўразвязам. Цяпер камітэт публікуе звесткі па гандлі ў два радкі: краіны СНД і краіны па-за СНД.

«Гандаль з Еўразвязам вырашылі схаваць бо ён не вельмі добра выглядае і цяпер будзе скарачацца ў звязку з санкцыямі. Другая прычына, што такім чынам спрабуюць схаваць абыход санкцыяў», – лічыць Станіслаў Івашкевіч.

Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця сёння таксама пралівалі святло на эканамічныя паказнікі. У прыватнасці – патлумачылі, чаму ў жніўні на амаль $ 100 млн скараціліся нашыя золатавалютныя рэзервы.

«Часткова змяншэнне аб’ёму рэзерваў тлумачыцца зніжэннем кошту золата на сусветным рынку і ўмацаваннем долара да SDR (Спецыяльных правоў пазычання). Яшчэ адным фактарам […] было пагашэнне даўгавых абавязкаў ураду. У той жа час уплыў гэтых фактараў быў кампенсаваны купляй Нацбанкам прыкладна $ 100 млн на ўнутраным валютным рынку».

Падзенне ЗВР у жніўні кампенсавалі, але за год яны знізіліся амаль на мільярд. Гэтак і рост коштаў у жніўні запаволіўся, але ў гадавым вымярэнні склаў 17,9 %. Калі параўнаць цэны са жніўнем летась, то на нехарчовыя тавары яны выраслі амаль на 21 %, на харчы – на 18 % і на 12 % – паслугі.

Чыноўнікі кажуць – інфляцыя імпартная. Эканаміст Сяргей Чалы згодны, што яна паскорылася ва ўсім свеце. Але ёсць і нацыянальная адметнасць:

«Калі мы паглядзім, якія менавіта цэны раслі на працягу гэтага году і мінулага, калі інфляцыя пачала расці – гэта часцей за ўсё менавіта рэгуляваныя дзяржаваю цэны. То бок унёсак дзеянняў самой дзяржавы ў інфляцыю – ён вырашальны», – распавёў эканаміст Сяргей Чалы.

Міністры паўтараюць, што цэны рэгулююць дзеля дабрабыту ўразлівых груп насельніцтва. Пенсіянерам сёлета ўдвая павышалі пенсіі, але ў рэальным выражэнні яны падаюць восьмы месяц запар. Шматдзетныя ж актыўна выкарыстоўваюць дэпазіт «сямейны капітал». Паводле Мінпрацы – кожная другая сямʼя вырашыла датэрмінова выкарыстаць сродкі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»