Малады – не значыць «камсамолец»


12-га жніўня – Міжнародны дзень моладзі пад эгідай ААН. Сёлета моладзь па ўсім свеце адзначае яго пад лозунгам «Зялёныя навыкі». Маладыя людзі вывучаюць тэхнічныя магчымасці для «зялёнага пераходу» – каб зрабіць грамадства больш экалагічным і кліматычна ўстойлівым.

У нас, у Беларусі Дзень моладзі адзначаюць асобна, паводле ўказу Лукашэнкі – у чэрвені. І замест «зялёнага пераходу» маем «чырвона-зялёнае пагружэнне». Адмыслоўцы адзначаюць больш жорсткі падыход дзяржаўнай махіны да выхавання маладых беларусаў.

Чым будзе займацца беларуская моладзь бліжэйшым часам? Напрыклад, будаваць Цэнтр патрыятычнага выхавання ў Берасцейскай крэпасці, каб там вучыцца ў вагнэраўцаў вайне. Паводле ўказу Лукашэнкі, для гэтага створаць адмысловыя будаўнічыя атрады.

«Нас гэты ўказ і гэтае рашэнне моцна бадзёрыць», – заявіў у сваім тэлеграме першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук‘янаў.

А хто не хоча ваяваць, можа рыхтавацца з’ехаць.

«Мы бачым тэндэнцыі, калі любыя ініцыятывы, скіраваныя на культуру, навуку, не атрымліваюць падтрымкі і сутыкаюцца з высокім узроўнем рэпрэсіяў», – кажа Марго Ворыхава, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада».

Рэпрэсіі зрабілі справу: паводле даследавання, праведзенага экспертамі моладзевай арганізацыі «РАДА», два з пяці маладых беларусаў або плануюць з’ехаць за мяжу, або хочуць, ды не могуць. Гэтаксама за 3 гады значна менш сярод апытаных стала тых, каго цікавіць палітыка, міжнародныя стасункі і грамадская дзейнасць.

«Няшмат перспектываў і няшмат дзейнасці, якую можна ажыццяўляць, будучы заахвочаным гэтай дзейнасцю. А зараз сітуацыя яшчэ горшая, бо больш за тысячу НДА былі ліквідаваныя», – мяркуе моладзевая актывістка Надзея С.

НДА – недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі прайшлі праз масавую прымусовую ліквідацыю ў 2021-м годзе, сярод сотняў зачыненых – дзясяткі моладзевых. Нацыянальны моладзевы савет «Рада», культурная пляцоўка «Арт-Сядзіба», «Грамадзянскі форум». Пад нож трапілі і дробныя арганізацыі, што займаліся адукацыйнымі праектамі, і нават «рускамірскае» абʼяднанне «Русь молодая». Не кажучы пра моладзевыя крылы палітычных арганізацыяў, якія проста абвесцілі экстрэмісцкімі.

Адбываецца пераход ад аўтарытарнага грамадства да таталітарнага рэжыму, дзе дзяржава кантралюе ўсе аспекты жыцця чалавека, у тым ліку сістэму адукацыі, тлумачыць Валер Карбалевіч.

«Галоўная яе функцыя – не павышэнне якасці адукацыі і ведаў, а забеспячэнне палітычнай лаяльнасці моладзі да існага рэжыму. Так, такая задача ставіцца і выконваецца на ўсіх узроўнях», – тлумачыць беларускі палітолаг.

Як тлумачыць Валерый Карбалевіч, у Беларусі збудаваная мадэль «аўтарытарнага карпаратывізму», калі дзяржава штучна стварае арганізацыі для кантролю асобных галінаў грамадскага жыцця. Усю моладзь аддалі пад кантроль БРСМу – Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі – створанага ўладамі нібы грамадскага абʼяднання.

«Як паказаў досвед 2020 году, гэтыя арганізацыі зусім дрэнныя апоры ў крытычны момант», – нагадвае Валер Карбалевіч.

У 2020-м годзе БРСМ не выйшаў шчыльнымі радамі за свайго правадыра. Бо нядбайнасць і абыякавасць там была на ўсіх узроўнях.

«Напрыклад, калі я ўдзельнічала ў конкурсе «Міс БДЭУ», то гэта было супер-непрыемна. Бо адзінае, чым займаўся БРСМ, гэта нібыта выдаваў грошы на нейкія выдаткі. І мы павінныя былі падпісваць паперкі, што на нас вылучаюць грошы», – узгадвае моладзевая актывістка Надзея С.

Цяпер сістэма кантролю студэнтаў пераходзіць на новы ўзровень – БРСМ прымушае чальцоў у прыватным парадку ўдзельнічаць у чырвона-зялёных флэш-мобах. А студэнтаў могуць прымусіць запісаць прыніжальна-пакаяннае відэа, як гэта здарылася на юрыдычным факультэце БДУ.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»