«Белавія» запусціла новы рэйс у Індыю


Цяпер з Беларусі можна наўпрост даляцець да Індыі! «Белавія» запусціла новы рэйс. Першыя пасажыры вылецелі з Менску ў Дэлі 11 жніўня.

«Беспасярэдні рэгулярны рэйс у Дэлі – гэта сапраўды гістарычная падзея для нас. І, я спадзяюся, адкрыццё рэйсаў будзе спрыяць умацаванню стасункаў паміж дзвюма краінамі ў розных галінах. Таксама я ўпэўнены: гэты рэйс дапаможа росту транзітных перавозаў праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», – заявіў генеральны дырэктар кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

Да 20-га верасня пасажыры змогуць падарожнічаць з Беларусі ў Індыю адзін раз на тыдзень у пятніцы. Зваротныя рэйсы – у суботы. Потым у планах – павялічыць частату палётаў да двух разоў на тыдзень. Квіток у адзін бок абыдзецца ад 319-ці еўраў, а ў абодва – ад 569-ці. Амбасадар Індыі ў Беларусі назваў гэты рэйс сімвалам прагрэсу.

«У цэлым, канечне, тое, што беларуская авіякампанія будзе туды лятаць, а Індыя – гэта важная краіна ў свеце з пункту гледжання палітычнага ды эканамічнага, у прынцыпе можна толькі вітаць. Але калі ўсе ж такі прагрэс назіраецца ў гэтым кірунку, а ў еўрапейскім, заходнім кірунку – суцэльны рэгрэс, то цяжка казаць пра нейкія прагрэсіўныя тэндэнцыі», – мяркуе гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Днямі ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавіі» ды аднаго з яе самалётаў. Іх увялі ў тым ліку пасля вывучэння прапановаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Калі Злучаныя Штаты Амерыкі ўводзяць санкцыі, яны вельмі часта практыкуюць гэтак званы адкладзены эфект. І менавіта гэтыя санкцыі, якія ўводзяцца, пачнуць дзеяць з 8 верасня бягучага года. Значацца, гэты час – каб завершыць усе аперацыі. Калі пасля 8 верасня амерыканскія кампаніі альбо фізічныя асобы будуць ажыццяўляць супрацу з кампаніяй «Белавія», ім існуе пагроза крымінальнай і грамадзянскай адказнасці», – тлумачыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Таксама гэтыя санкцыі будуць датычыць і трэціх краінаў. Не выключана, што новы рэйс у Індыю давядзецца адмяняць.

«Пасля 8 верасня яны не могуць абслугоўваць самалётаў «Белавіі», бо ёсць рызыка трапіць пад другасныя санкцыі ЗША. Ці пойдуць на гэтыя рызыкі кампаніі, аэрапорты Індыі, залежыць ад гэтых краінаў. Але рызыка другасных санкцыяў існуе», – кажа Павел Латушка.

Менавіта супраць «Белавіі» ЗША ўвялі санкцыі за дачыненне кампаніі да перавозу высокапастаўленых асобаў Беларусі, у тым ліку сямейнікаў Лукашэнкі. Павел Латушка кажа, што пытанне зняцця абмежаванняў з «Белавіі» могуць разгледзець адразу ж, калі кампанія прыбярэ самалёты і верталёт, якімі карыстаецца Лукашэнка ды ягонае атачэнне, са свайго аператыўнага кіравання.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»