Атакі на Крымскі мост працягваюцца


Крымскі мост у дыме. Чарговая атака заспела расейскіх турыстаў на паўвостраве днём 12 жніўня.

«У раёне Керчанскай пратокі сілы паветранай абароны збілі дзве варожыя ракеты. Крымскі мост не пашкоджаны», – заспакойвае кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі.

Дым над мостам расейцы назвалі адмысловаю завесай, якая мусіла схаваць аб’ект ад удараў БПЛА. Праз пэўны час дым развеяўся, а на мосце нават аднавілі аўтамабільны рух. Каб праз паўгадзіны зноўку яго закрыць. Падчас новага ўдару відавочцы налічылі 8 выбухаў. Расейцы справаздачыліся пра збітыя ракеты С-200.

Украінскі вайсковы эксперт Андрэй Крамараў дапускае гэткую магчымасць, але звяртае ўвагу на іншы факт:

«Комплексы С-200, С-300, С-400, калі выкарыстоўваюцца менавіта як «зямля – зямля», маюць вельмі нізкую трапнасць – разважае Крамараў. – А тут мост – абʼект, калі траплянне мусіць адбыцца акцэнтавана. Марскія дроны не мае сэнсу выкарыстоўваць, бо расейцы ў бухце Севастопалю расцягнулі вялікую сетку з цэпаў. Таму гэта была паветраная атака. Тып ракетаў вызначыць цяжка, магчыма, з улікам таго, як працавала паветраная абарона Расеі, гэта была камбінаваная атака. То бок дроны і нейкія ракеты».

Ударам па мосце папярэднічала начная атака 20-ці ўкраінскіх беспілотнікаў па абʼекце ў цэнтральнай частцы акупаванага Крыму. Зрэшты, Андрэй Крамараў не звязвае гэтых падзеяў:

«Гэта абсалютна не звязаныя два элементы. Бо тут мы атакуем вялікі абʼект інфраструктуры, а там была здзейсненая атака на адну з найбольшых расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Крыму, якую яны актыўна выкарыстоўвалі як рамонтную базу для тэхнікі, якая бярэ ўдзел у баях на поўдні Украіны».

А 16-ай гадзіне рух на мосце аднавілі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней назваў гэты абʼект законнаю ваеннаю цэллю. Адметна, што ў ліпені 25 школьнікаў з Беларусі адпачывалі ў «Артэку». Праязджалі праз Крымскі мост. У пачатку жніўня яны паспелі вярнуцца дадому.

Ян Федаровіч, «Белсат»