Без еўрапейскага транзіту


Першыя эфекты санкцыяў. У снежні, калі набудуць моц новыя абмежавальныя захады ЗША, літоўская чыгунка і парты цалкам спыняць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Пра гэта ў інтэрв’ю літоўскім журналістам распавёў міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс. З ягоных словаў, санкцыі супраць «Беларуськалію» робяць немагчымымі эканамічныя стасункі з прадпрыемствам.

«Мы размаўлялі на гэтую тэму з міністрам замежных справаў Літвы. Гэта вельмі важны фактар, бо ён змусіць рэжым змяняць лагістыку паставак калійных угнаенняў. Гэта можна разглядаць і як адказ літоўскага боку на тое, як рэжым паводзіць сябе ў міграцыйным пытанні. Кошт транзіту, кошт паставак узрасце», – распавядае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка.

Беларускія калійныя ўгнаенні складаюць прыкладна траціну ўсіх грузаў, што ідуць праз літоўскую чыгунку і порт у Клайпедзе. Страты перавозчыкаў Міністэрства транспарту Літвы ацэньвае прыкладна на 20 мільёнаў еўраў.

Што да «Беларуськалію», то Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднаразова абяцаў перанакіраваць транзіт угнаенняў у расейскія парты.

«Гэта так званы «Паўночны марскі шлях». Такі маршрут мае свае плюсы: тэрмін паставак у Індыю і Кітай можа быць карацейшым, але гэты шлях пакуль ня мае належнай інфраструктуры. Ён замярзае на тры месяцы і патрэбныя дадатковыя магутнасці, каб разбіваць гэты лёд», – кажа эканаміст Таццяна Манёнак.

Траплянне «Беларуськалію» пад амерыканскія санкцыі ды павелічэнне транзітных выдаткаў можа адбіцца і на кампаніях-пакупніках беларускіх калійных угнаенняў. Заўтра з кіраўніком найбуйнейшага з іх, нарвежскага канцэрну «Яра», Свэйнам Турэ Гульсэтэрам сустрэнецца Святлана Ціханоўская, якая сёння прыбыла з візітам у Нарвегію.

«Яра» з самага пачатку выступіла супраць рэпрэсіяў, у падтрымку супрацоўнікаў «Беларуськалію», але супрацу не прыпыніла, не гледзячы на пратэсты міжнароднай супольнасці, страйкаму і саміх рабочых. І заўтра Святлана Ціханоўская падыме гэтае пытанне. Нашая пазіцыя такая: супраца з «Беларуськаліем» гэта сёння фактычна супраца з рэжымам», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Указ аб новых санкцыях супраць афіцыйнага Менску прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў у панядзелак. Акрамя «Беларуськалію» у спісе значацца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі і шэраг бізнесоўцаў, блізкіх да атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Алесь Баразенка, «Белсат»