NATO пашыраецца і абавязваецца дапамагаць Украіне


Саміт у Вільні генеральны сакратар NATO назваў гістарычным. Альянс пашырыўся, саюзнікі распрацавалі падрабязныя планы абароны на выпадак вайны з Расеяй, дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону і максімальна наблізілі Украіну да ўступлення ў Альянс. «Мы сустракаемся як роўныя, і чакаем моманту, калі зможам сустрэцца як саюзнікі». Гэтую фразу ў дачыненні да Украіны Енс Стольтэнбэрг паўтарыў сёння не аднойчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Будучыня Украіны – у NATO. Мы пацвердзілі, што Украіна стане чальцом NATO. Мы фактычна дамовіліся аб канкрэтных інструментах – палітычных, практычных інструментах, якія дапамогуць Украіне прасунуцца да сяброўства. І, вядома, усе разумеюць, што тонкае рашэнне ў гэтым пытанні не можа быць прынятае да таго, як скончыцца гэтая вайна», – дадаў Енс Стольтэнбэрг.

«Вынікі саміту добрыя, але калі б прагучала запрашэнне ў NATO, яны былі б ідэальнымі», – гэтак сустрэчу ў Вільні ацаніў прэзідэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі пагадзіўся з формулай, прапанаванай саюзнікамі. Украіну запросяць у Альянс, калі неабходныя ўмовы будуць выкананыя. Галоўная з іх – перамога ў вайне. На перыяд паміж заканчэннем вайны і далучэннем да NATO краіны «Вялікай сямёркі» дадуць Кіеву гарантыі бяспекі – гэта значыць, гарантыі паставак зброі.

«У нас ёсць фактычныя гарантыі бяспекі: фінансавыя, санкцыйныя, і гэта сапраўды вялікая дапамога ў абароне. Вельмі важна, каб у нас з’явіўся першы юрыдычны дакумент, які сігналізуе, што ў нас ёсць парасон гарантыяў бяспекі. А потым ужо Украіна будзе падпісваць дамовы з кожнаю з дзяржаваў-падпісантаў. І там будуць прапісаныя як тыя рэчы, якія ў нас сёння ёсць, так і тыя рэчы, якіх нам не стае – напрыклад, СПА і самалёты», – прамовіў Уладзімір Зяленскі.

Саміт NATO у Вільні 11-12 ліпеня.
Фота: nato.int

Прэзідэнт Украіны вернецца з саміту не толькі са словамі падтрымання. Францыя дасць Украіне дальнабойныя ракеты «Scalp». Нямеччына перадасць дзве пускавыя сістэмы комплексаў «Patriot», 25 танкаў «Leopard» і 40 БМП «Marder». Нарвегія дасць 1000 маленькіх разведвальных дронаў «Black Hornet», а Аўстралія – 30 бронеаўтамабіляў. Нарэшце, паводле міністра замежных справаў Украіны Дмытра Кулэбы, ужо налета ў небе Украіны зʼявяцца знішчальнікі F-16. Зрэшты, абмяркоўвалі на саміце NATO не толькі Украіну. Пагрозаю сусветнай стабільнасці Альянс лічыць амбіцыі Кітаю. Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі і Японіі.

«Вайна ва Украіне мае глабальныя наступствы. Мы вельмі ўдзячныя, спадар Кісіда, той эканамічнай дапамозе, якую вы надалі Украіне, а таксама таму, што вы некалькі месяцаў таму наведалі Кіеў. Мы занепакоеныя тым, што Кітай хутка нарошчвае ўзбраенне, і асабліва тым, што мадэрнізуе і пашырае свае ядравыя сілы», – сказаў Енс Стольтэнбэрг.

Вынікі віленскага саміту NATO можна рэзюмаваць двума сказамі. Па-першае, Украіна стала яшчэ бліжэйшаю да NATO, але ўступіць у Альянс зможа толькі пасля перамогі. Па-другое, пасля далучэння Швецыі Балтыйскае мора зрабілася ўнутраным морам NATO. Альянс цяпер не баіцца, што Расея можа ізаляваць краіны Балтыі, перарэзаўшы вузкі калідор паміж Калінінградам і Беларуссю.

«Сувальскі калідор, які столькі гадоў быў ахілесаваю пятою NATO, ствараў праблемы з пункту гледжання абароны і лагістыкі, цяпер не такі важны. Пастаўкі войскаў і харчоў цяпер можна ажыццяўляць морам. Ад шведскага Готлянду да Латвіі зусім не далёка. Супрацьпаветраная абарона гарантуе бяспеку марскога шляху. Гэта радыкальна мяняе», – выказаў упэўненасць прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’янс Карыньш.

У наступным годзе NATO адзначыць 75-годдзе. Юбілейны саміт пройдзе ў горадзе, дзе была падпісаная Паўночнаатлантычная дамова, у Вашынгтоне.

Аляксандр Папко, «Белсат»