Гісторыя дэпартацыі з Польшчы выклікала спрэчкі


Раніцаю Польшча амаль на гадзіну зачыняла пераход «Тэрэспаль» на мяжы з Беларуссю. Рух прыпынілі абодва бакі. Прычына – беларус, якога польскія памежнікі імкнуліся не прапусціць у краіну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На беларускі бок Дзмітрый Смактуновіч пераходзіць не хацеў з захадаў уласнай бяспекі, паведаміла нам ягоная жонка Наталля. Тым больш кіроўцы аўтобусаў перадалі мужчыну, што ў пункце пропуску яго чакаюць працаўнікі КДБ і дзяржаўныя тэлеканалы. Хаця беларускі Памежны камітэт запэўніваў, што Дзмітрыю нічога не пагражае на радзіме:

«У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам, і, значыць, ён бесперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Раней гэты грамадзянін неаднаразова мінаў беларускую мяжу».

Дзмітрыя намагаліся ўгаварыць перайсці на беларускі бок, заклікаючы да сумлення, маўляў, праз яго ўтвараецца затор. Пра гэта нам таксама апавяла Наталля:

«Ён хацеў стаяць да канца. Калі б трэба было тры дні стаяць, стаяў бы тры дні. Ён вельмі ўпарты. Пускавым механізмам стала тое, што польскія памежнікі прынеслі з сабой балон са слезацечным газам, вялізны, які б’е на адлегласць 3-5 метраў. Адкуль такія дакладныя веды? Таму што такі балон мой муж возіць з сабой у таксі пад сядзеннем».

На тэрэспальскім пераходзе Дзмітрый апынуўся напярэдадні раніцою. Вывезлі яго туды, на думку жонкі, праз праблемы з відам на жыхарства. Выданню «Мост» жанчына ўдакладніла, што пра гэта стала вядома падчас правярання дакументаў у Беластоку. Аказалася, што ў Дзмітрыя больш як за год ануляваны літоўскі ВНЖ нібыта праз прызнанне яго нядобранадзейным, бо мужчына 20 гадоў працаваў дзяжурным у папраўчай калоніі. А на польскі дакумент ён падаўся толькі сёлета ў траўні.

«На той момант, калі яму анулявалі від на жыхарства, якраз тады вялася кампанія ў адносінах да беларусаў, якія хоць неяк мелі стаўленне да структураў МУС, Узброеных сілаў», – заявіла Наталля.

Дзмітрый Смактуновіч на мосце праз раку Буг на беларуска-польскай мяжы.
Фота: gpk.gov.by

Вось толькі ініцыятыва «BELPOL» змагла пацвердзіць нам, што ў 2007-ым Смактуновіч працаваў кантралёрам у зводзе аховы, відавочна, падчас праходжання тэрміновай службы. Дый у памежнай ахове Польшчы нам апавялі іншую версію падзеяў, што нібыта «сёння раніцаю на тэрыторыю памежнага мосту пры памежным пераходзе ў Тэрэспалі зайшоў з тэрыторыі Беларусі грамадзянін гэтай краіны».

І нібыта не пускалі мужчыну, бо пешы пераход праз мяжу закрыты. Акрамя таго, высветлілася, што летась Дзмітрый стаўся фігурантам крымінальнай справы за перавоз замежнікаў. Пра гэта паведаміў Павел Латушка са спасылкаю на Надбужанскі аддзел Памежнай аховы Польшчы. Але, са словаў Наталлі, судзімасць ейны муж пагасіў. Тым не менш, на мяжы Смактуновічу далі падпісаць паперы пра дэпартацыю ды адмовілі ў міжнароднай абароне.

«Мы не маем звестак, можам толькі дапушчаць, што калі грамадзянін Беларусі не ведаў польскай мовы, то былі парушаныя працэсуальныя нормы. Таму што абавязкова замежнаму грамадзяніну мусіць быць прадстаўлены пераклад. Таму гэтыя рашэнні могуць не мець юрыдычнай сілы», – дадаў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Ці законная такая імклівая дэпартацыя? Юрыстка «WKB Lawyers» Анна Маціеўская сцвярджае, што без падрабязнасцяў справы адказаць складана, але:

«Так, заканадаўча ёсць магчымасць выдаць рашэнне, якое будзе прынятае ў выкананне натыхмястова. Такія выпадкі ёсць і ў залежнасці ад сітуацыі – гэта можа быць пагроза нацбяспецы альбо гэта на ўнёсак міністра, калі ёсць прычыны меркаваць, што была здзейснена або магла быць здзейсненая тэрарыстычная або агентурная дзейнасць».

Увечары сюжэт з дэпартаваным Дзмітрыем Смактуновічам паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. На камеру мужчына заявіў, што проста не хоча губляць сямʼі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»