Жахлівыя ўспаміны пра 38 дзён палону і акупацыі ў Гастомэлі


Правялі ў палоне 38 дзён, страцілі дамы і ўбачылі супрацьстаянне паміж кадыраўцамі і расейскімі вайскоўцамі. Гісторыя, ад якой халадзее ўнутры. А гэта тое, што нам распавялі мужчыны з Гастомэлю. Акурат гэты горад адным з першых прыняў бой з пачатку актыўнай фазы расейска-ўкраінскай вайны. Дом, разбураны фугаснымі бомбамі, што скідала расейская авіяцыя. І кватэра, дзе базаваўся снайпер праціўніка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Няма дому, у нас няма кватэры, мы бамжы. Машыну разбілі, кватэры няма. Няма нічога», – кажуць Алег і Мазай.

Да прыходу расейскіх войскаў Алег і Мазай былі суседзямі, а цяпер зрабіліся таварышамі ў няшчасці, правёўшы ў палоне ў сваім родным горадзе Гастомэль ажно 38 дзён.

«Людзі, якія былі пад акупацыяй, мелі магчымасць з дому выходзіць з некаторымі абмежаваннямі, бо бамбілі і яны хаваліся, а мы былі ў палоне. Бо нас сцераглі, мы пад стваламі былі заўсёды».

Здымачная група «Белсату» сустрэла мужчынаў у Кіеве ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, куды яны перанеслі рэчы з сутарэння, у якім жылі.

«Гэта пакой суседзяў нашых, у нас тое самае, толькі мы насупраць жылі», – кажа Алег.

24 лютага, у першы ж дзень расейскага наступу, кадыраўцы пачалі ўрывацца да іх у кватэры.

«Я кажу: заходзьце, ну, у мяне вось бацька сядзіць з рукой вывіхнутай, твар разбіты. Яны пайшлі, прыходзяць зноў, ваду прынеслі, гарбату, штосьці яшчэ, не памятаю, а на наступны дзень прывялі медыка, і ён яму ўправіў плячо», – распавёў Алег.

З акна добра праглядалася мясцовасць, таму ў Алега пасяліўся снайпер. Мазай жа свае дзверы пастанавіў не адчыняць.

«Мяне распраналі, правяралі татуіроўкі, а ў мяне трызубец на грудзях наколаты плюс бацькоўская форма. То бок карцінка склалася – фашыста злавілі», – сказаў Мазай.

Любоў да радзімы яны яму яшчэ прыгадаюць, калі кінуць пад ногі гранату.

«Як толькі адлятае чака – 4 секунды ёсць. Я шчупаком на кухню за кут пад ракавінай, каб аскепкамі не пасекла», – распавёў Мазай.

Пры бамбаванні кадыраўцы хаваліся разам з мясцовымі жыхарамі ў сутарэнні, варылі ім суп і кашу, прыносілі сухпайкі. Там быў час і на размовы.

«Усе кадыраўцы – яны суніты, ім рэлігія забараняе забіваць бяззбройнага чалавека. Тады я зразумеў, што мяне гэтай гранатай пужалі», – прызнаецца Мазай.

А вось калі прыйшлі расейскія салдаты, паміж двума лагерамі разгарэўся канфлікт. Асабліва калі новапрыбылыя марадзёрствавалі.

«Што гэта вы цягнеце? Мы тут гэта вось… Нясіце назад! Калі пабачым яшчэ раз – абсячэм яйцы», – прывёў Мазай словы вайскоўцаў.

У адрозненне ад кадыраўцаў, расейскія вайскоўцы мясцовых жыхароў не кармілі, але дазвалялі хадзіць у разгромленыя кватэры ў пошуках ежы.

«Аўтаматам – ты хто? Я такі хадок, А чаго ты тут ходзіш, кажа. Я ежу збіраю, я не марадзёр, а калі мы хадзілі, мы з кішэняў усё выцягвалі, таму што яны могуць прычапіцца да чаго заўгодна», – распавёў Алег.

Тады якраз прыехалі кантрактнікі, у якіх быў цяжкі бой пад Гастомэлем.

«Ну, яны прыехалі злыя, і той маладзён кажа: вось зайшоў, злавіў, што з ім рабіць? А ён кажа: што рабіць? У пакой завядзі, стрэль – дый усё, кажа. Я да гэтага падбягаю, кажу – выведзі мяне адсюль, кажу, ты ж бачыш, што яны могуць застрэліць, не бяры грэх на душу», – успамінае Алег.

Тады Алегу цудам удалося застацца ў жывых. Пасля гэтага ён не выходзіў з сутарэння два дні.

«Яго калоціць, вось як зараз калоціць. Проста гэта трэба перажыць, у нас гумар быў. Усё пераводзілі ў жарт, бо без гумару там жыць ніяк нельга было», – прызнаюцца Алег і Мазай.

Падчас інтэрв’ю ў мужчынаў вярнуўся сутарэнны кашаль. Яны згадваюць, што менавіта з яго ў іх пачыналася кожная раніца замест пераклічкі. Кажуць, больш сюды ні нагой. Бо тое, што яны перажылі, хочацца забыць як страшны сон.

Юлія Макаранка, Аляксандр Стратыйчук, «Белсат», Кіеў, Украіна