Чаго чакаць ад «Еўрабачання-2023»?


Мама купіла трактор! Песня пра дыктатараў уварвалася ў трэнды сацыяльных сетак. Удзельнікі «Еўрабачання» ад Харватыі, хоць і не трапілі ў топ-дзесяць паводле букмекераў, але дакладна здабылі ўвагу гледачоў ва ўсім свеце. Чаго яшчэ чакаць ад фіналу «Еўрабачання».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гурт «Let 3» з Харватыі выйшаў у фінал з правакацыйнай антываеннай прыпеўкай з алюзіяй на Пуціна. У песні завуалявана распавядаецца пра ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну. У выступе, апроч іншага, знайшлі адсылку на Лукашэнку, які дорыць меркаванаму Пуціну трактар, а таксама параўнанне сучасных дыктатараў са Сталіным.

«”Еўрабачанне” – гэта заўсёды весела. Мне падаецца, што гэта такі нармальны фан, тым больш што вось гэтыя харваты так разварушылі інфармацыйную прастору. За імі весела назіраць, і мне падаецца, што дзякуючы вось такім нумарам, “Еўрабачанне” і ёсць такім буйным відовішчам, якое чакаюць кожны год», – кажа музычны журналіст Аляксандр Чарнуха.

Не менш увагі карыстальнікаў сацыяльных сетак прыцягнуў фінскі спявак Käärijä, які выступіў з песняю «Ча-ча-ча». Яна набрала мільёны праслухоўванняў на стрымінгавых платформах. Таму не дзіўна, што букмекеры смела ставяць яе ў тройку імаверных прызёраў. Папулярнасць песні прымнажаецца за кошт яркай і эпатажнай персоны выканаўцы.

Калі верыць прагнозам букмекераў, барацьба за першае месца разгорнецца паміж Фінляндыяй і Швецыяй. Шведская спявачка Loreen, якая перамагала на «Еўрабачанні» ў 2012 годзе, – галоўная фаварытка ў Лівэрпуле.

«Тое, што букмекеры прагназуюць, – гэта ж не нейкія эксперты, гэта звычайныя гледачы, у якіх ёсць лішнія грошы паставіць на “Еўрабачанне”. Тыя ж стаўкі нічога не вызначаюць у спорце, гэта проста прагнозы», – лічыць аўтар YouTube-падкасту «Вэлкам, Юроп» Яўген Ігнацьеў.

У тройку імаверных сёлетніх пераможцаў трапіла Украіна. Ад яе выступіць электронны гурт «TVORCHI» з песняй «Heart of Steel», у якім гурт спявае пра сталёвае сэрца ў грудзях, загартаванае выпрабаваннямі. Нагадаем, менавіта Украіна стала пераможцам леташняга «Еўрабачання».

«Мне падаецца, не будзе другой перамогі запар Я лічу, што летась украінская перамога – гэта не толькі падтрыманне падчас вайны, але гэта была вельмі канкурэнтаздольная заяўка», – упэўнены Яўген Ігнацьеў.

Гледачы заўважылі, што сёлета на «Еўрабачанні» неаднаразова ўздымаліся палітычныя тэмы, нягледзячы на тое, што гэта забаронена правіламі. Але згодна з тымі ж правіламі, пад забаронай – адкрытыя выказванні ды палітычныя заклікі, але адсылкі і метафары дапускаюцца.

«Я не разумею, чаго дзіўнага ў тым, што на “Еўрабачанні” прасоўваецца нейкая палітыка. Вядома, яна там будзе і, вядома, што такая масіўная платформа, такі масіўны конкурс будзе адлюстроўваць цяперашнюю палітычную і сусветную сітуацыю. Асабліва ў часы такіх вялікіх крызісаў, як вайна ва Украіне», – кажа Яўген.

Фінал «Еўрабачання» пройдзе ў суботу трынаццатага траўня. Ён пачнецца а дваццаць другой гадзіне менскага часу. На афіцыйным тэлебачанні ў Беларусі конкурсу не пакажуць. Паглядзець яго можна будзе на афіцыйным ютюб-канале «Еўрабачання». Беларусы змогуць далучыцца да галасавання. Для гэтага трэба зарэгістравацца на сайце esc.vote і мець крэдытную картку, што прымаецца да аплаты адпаведнай платформай.

Святлана Кубрак, «Белсат»