40 тысяч рублёў за дзень сабралі беларусы на адбудову касцёлу ў Будславе


40 тысяч рублёў усяго за дзень пасля пажару сабралі беларусы на адбудову касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Адзін з самых велічных храмаў Беларусі істотна пацярпеў ад агню. У святыні цалкам згарэў дах.

На падлозе – лужыны, на сценах і скляпеннях – падцёкі. Гэтак пасля пажару выглядае знутры Будслаўскі касцёл – адна з галоўных святынь беларускіх каталікоў.

«Стары алтар не пацярпеў. Там не было задымленняў, не было пажару. Новы алтар таксама не пацярпеў. Ёсць, канечне, вада, але няшмат», – распавядае экскурсавод, які быў сведкам пажару, Яўген Апанасевіч.

Вадой заліло арган. Цяпер інструмент, якому больш за два стагоддзі, трэба будзе прасушваць.

Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе загарэўся ўчора раніцай. З агнём справіліся толькі ў другой палове дня, у выніку дах абрынуўся на скляпенні. З будынку паспелі вынесці кнігі, абразы ды прылады для набажэнстваў. Уратавалі і галоўную святыню храму – цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

«Хочацца падзякаваць і сваёй парафіі, якая мабілізавалася і за паўгадзіны ўсё вынесла, і супрацоўнікам, якія працавалі на пажарышчы, бо я бачыў, як хлопцы рабілі аддана. Ім таксама вялікі дзякуй», – кажа Яўген Апанасевіч.

Падтрымка і дапамога не прымусілі сябе чакаць – кажа Яўген. Неабыякавыя беларусы прапаноўваюць тэхніку, будаўнічыя матэрыялы і сваю працу.

У «Тэлеграме» з’явіўся адмысловы канал: «Адновім Будслаў разам»! Цяпер праз яго шукаюць альпіністаў і людзей з допускам да працы на вышыні – спускаць уніз бэлькі ды рэшткі металічнага даху.

Дапамагчы навесці парадак прыехаў прамысловы альпініст Яўген Янковіч.

«Па першай просьбе пробашча я прыехаў на дапамогу разбору завалаў спаленага даху. Цяпер чакаем дазволу і будзем аказваць пасільную дапамогу», – гаворыць валанцёр.

На аднаўленне касцёлу XVII стагоддзя ў Будславе за содні беларусы сабралі больш за 40 тысяч рублёў. З просьбаю дапамагчы адбудаваць святыню да вернікаў звярнуліся каталіцкія біскупы. Сродкі можна пералічваць на разліковы рахунак парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе.

Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

222374 Менская вобл., Мядзельскі р-н, Будслаў, Красная плошча 8

р/р BY12BAPB30153404200100000000

у ААТ «Белаграпрамбанк», г. Менск

код банку BAPBBY2X

УНП 600195666

Пажар у будслаўскай святыні арцыбіскуп Кандрусевіч назваў вялікаю трагедыяй як для Касцёлу ў Беларусі, так і для ўсёй краіны.

«Калі згарэў Нотр-Дам у Парыжы, Францыя стала на калені. Перад абліччам будслаўскай трагедыі станем і мы на калені, перапросім Бога за нашыя асабістыя грахі і грахі нашага народу, паяднаемся адзін з адным. Мы розныя, але мы – адзін беларускі народ», – заявіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Нацыянальны санктуарый у Будславе мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Анастасія Русецкая, «Белсат»