У Казахстане прынялі Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту


У Казахстане пад ціскам грамадскасці прынялі Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Гэта адбылося на фоне рэзананснай справы аб забойстве, якую разглядае суд. На лаве падсудных – былы міністр эканомікі краіны Куандык Бішыймбаеў. Ахвяра – ягоная жонка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэты рэзанас вельмі напалохаў нашых чыноўнікаў, дэпутатаў. І, безумоўна, гэта наступствы рэзанансу – таму што з 2019 года мы дамагаліся прыняцця закона», – кажа кіраўніца фонду «НеМолчи.KZ» Дыяна Смаілава.

Паводле звестак справы, Бішыймбаеў забіў жонку ў рэстаране, што належыць ягонай сям‘і.

Нягледзячы на відэа з камераў, якія зафіксавалі момант забойства, Бішыймбаеў віны не прызнае і адзначае, што на агрэсіўныя дзеянні яго справакавала сама ахвяра.

Новы закон крыміналізуе артыкулы аб пабоях і прычыненні лёгкай шкоды здароўю – за іх агрэсарам пагражае штраф і арышт. Калі раней за гэтыя дзеянні агрэсараў штрафавалі на 80 долараў, то цяпер суму значна павялічылі – да 650 долараў. Тэрмін арышту паднялі – з 10 дзён да 25. Таксама ўвялі крымінальную адказнасць за давядзенне да самагубства.

«Мы дабіліся крыміналізацыі збіцця і лёгкай шкоды здароўю. Гэта тое, што было самым цяжкім. Але, вядома, ёсць яшчэ нормы, над якімі трэба працаваць, якія абавязкова трэба дабаўляць да гэтага закону. І я думаю, што будзем ісці нейкімі паслядоўнымі крокамі», – дадае Дыяна Смаілава.

Штогод ад хатняга гвалту ў Казахстане гінуць не менш за 80 жанчын, 150 атрымліваюць сур’ёзныя раненні, больш за 4000 – сярэднія і лёгкія траўмы. Пры гэтым ахвяры амаль не звяртаюцца ў паліцыю – за год туды паступае толькі 300 заяваў.

хатні гвалт
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Жанчыны скардзяцца, што паліцыя неахвотна працуе з такімі зваротамі. А некаторыя мясцовыя дэпутаты ўвогуле прапаноўваюць судзіць ахвяру разам з агрэсарам.

У Беларусі Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту мог быць прыняты яшчэ ў 2018-м. Дакумент мусіў абараніць ахвяру ахоўным прадпісаннем, што забараняла б агрэсару набліжацца да яе. Таксама законапраект мусіў абавязаць злачынцаў праходзіць спецыяльную карэкцыйную праграму.

«Гэты законапраект, на жаль, быў і застаецца актуальным для Беларусі. Вялікая колькасць сем’яў распадаецца з-за хатняга гвалту ў Беларусі, вялізная колькасць жанчын пакутуюць ад хатняга гвалту, вялізная колькасць жанчын сядзяць за самаабарону ад хатняга гвалту», – кажа феміністка і кўір-актывістка Паша Джэжора.

Неабходныя праўкі ў заканадаўства распрацоўвала Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Тады, у 2018-м, кіраўнік упраўлення прафілактыкі грамадскай бяспекі Алег Каразей адзначаў:

«Гвалт у сямʼі – гэта дзеянні фізічнага, псіхалагічнага і сексуальнага характару. Але міжнародныя падыходы вылучаюць яшчэ і эканамічны гвалт, а ў нас яго няма. Мы прапаноўваем увесці гэты панятак. Дзяржава павінна даваць абарону сваім грамадзянам, якія сутыкаюцца з гвалтам. Трэба падтрымліваць НДА, якія змагаюцца з гвалтам. І трэба ўводзіць пакаранне за ўсе віды гвалту ў сямʼі».

Але законапраект быў жорстка раскрытыкаваны Лукашэнкам і ў выніку адхілены.

«Вялікая колькасць мужчын у Беларусі зацікаўлены ў тым, каб гэты закон не прымаўся. Вялікая колькасць чыноўнікаў у Беларусі – гэта людзі, якія здзяйсняюць хатні гвалт. І вялікая колькасць людзей, якія маюць нейкую ўладу ў Беларусі – гэта таксама тыя людзі, якім абсалютна не выгадна прыняцце такога законапраекта», – дадае кажа Паша Джэжора.

Паводле інфармацыі МУС, штогод у Беларусі фіксуецца каля 80 тысяч выпадкаў хатняга ґвалту, пры гэтым толькі 21 тысяча агрэсараў трапіла на ўлік міліцыі.

Кожнае трэцяе забойства жанчыны ў краіне і кожнае чацвёртае цялеснае пашкоджанне – здзяйсняецца рукамі сваякоў. Кожнае чацвёртае жаночае самагубства таксама адбываецца на глебе хатняга гвалту.

Пры гэтым новых спробаў вярнуць працу над законапраектам, які б абараняў беларусак ад хатніх агрэсараў, не рабілася.

Шмат якія НДА, што дапамагалі ахвярам хатняга ґвалту, прызнаныя незаконнымі і спынілі працу ўнутры краіны.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»