Цэны трымаюць, а яны растуць


Цэны, якія літаральна кусаюцца. Не дапамаглі нават агурковыя нарады на найвышэйшым узроўні. І даражэюць не толькі агуркі. Паводле Белстату, за сакавік спажывецкія цэны выраслі на 0,5 %. Калі ж лічыць ад пачатку года, то рост склаў 2,2 %. Гэтак, гародніна падаражэла на 1,3 %, кураціна – на 1,1 %, на столькі ж у цане дадала вопратка, на 1 % вырас кошт на алкагольныя напоі, на столькі ж падаражэлі лекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На інфляцыю ўплываюць не толькі цэны, якія мы бачым у крамах, цэны нейкіх прыватных прадпрыемстваў, а таксама цэны на дзяржаўныя паслугі, якія рэгулююцца дзяржаваю, і яны ў першую чаргу растуць. І растуць значна хутчэй, чым была пастаўленая тая самая планка, якая была на гэты год», – кажа прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Жорсткае рэгуляванне цэнаў Лукашэнка ўвёў увосень 2022. Тады інфляцыя скокнула да 13,6 %.

«Тыя намаганні, якія былі па рэгуляванні коштаў, прывялі да таго, што два адсоткі былі забраныя ад коштаў, але ж яны былі забраныя і ў гандляроў, і ў вытворцаў. Таму ніякіх пазітыўных наступстваў гэтае рэгуляванне ў Беларусі, канечне, не мае», – зазначае Аляксандр Кныровіч.

Пры гэтым вайна з цэнамі зрабілася чарговаю прычынаю ціску на прадпрымальнікаў і пасярэднікаў. Дзясяткі крымінальных справаў. Як стала вядома напярэдадні, суд у Магілёве да трох гадоў з адтэрмінаваннем на два гады і штрафу 16 тысяч рублёў прыгаварыў дырэктара акцыянернага таварыства «Шэдар Плюс». Прычына – продаж сацыяльна значнай гародніны па завышаных цэнах.

«Мы чуем вось на апошняй нарадзе па прамысловасці, што вось нібыта народ не заўважае эканамічнага ціску, але, з іншага боку, хочацца сказаць, што на макраэканамічным узроўні эканамісты, фінансісты – мы гэта выдатна заўважаем, як гэта заўважаюць тыя прадпрымальнікі, якія цяпер падпадаюць пад гэтыя арышты», – канстатуе эканаміст і фінансіст Віталь Алейнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым адмаўляцца ад рэгулявання цэнаў Лукашэнка не збіраецца. Прынамсі, гэта вынікае з ягонага выступу на ўсё той жа нядаўняй нарадзе аб развіцці прамысловасці:

«Госпадзі, не ведаю, чым скончыцца эпапея з рэгуляваннем цэнаў, але калі ўрад не праваліць, гэта будзе ўнікальная аперацыя ў рыначнай, так сказаць, эканоміцы».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю плануе, што інфляцыя па выніках гэтага года не перавысіць 6 %. Але калі цэны будуць расці з хуткасцю першых трох месяцаў, то атрымаем прырост коштаў амаль на 9 %. Якой жа будзе інфляцыя?

«Мы зараз пабачым, пачнецца сезон ураджайны, і пойдуць цэны ўніз і на гародніну, і на садавіну. Таму будуць карэктаванні сезонныя, і можна ў прынцыпе выйсці. Іншая справа, ці варта браць такога кшталту арыенціроўкі менавіта са статыстыкі Белстату?», – зазначае Віталь Алейнік.

Найбольш жа значна ў сакавіку выраслі цэны на турыстычныя паслугі, больш чым на 7 % у параўнанні з лютым.

Алесь Яшчанка, «Белсат»