Якія планы мае Беларусь на космас?


12 красавіка – Сусветны дзень авіяцыі ды касманаўтыкі, прымеркаваны да даты першага палёту чалавека ў космас.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паехалі!» – з гэтага легендарнага слова 62 гады таму пачаўся першы палёт чалавека ў космас.

Юрый Гагарын на караблі «Восток-1» абляцеў нашую планету за 108 хвілінаў і здолеў вярнуцца на Зямлю. Гэтак пачалася новая эра развіцця чалавецтва. Без ягонага палёту, без папярэдніх касмічных эксперыментаў з жывёлаю не было б такога зручнага і звыклага для нас жыцця.

«Гэта, вядома ж, сувязь. Мы з вамі вось гаворым праз спадарожнік зараз, – адзначыў прафесар РАН, астрафізік Сяргей Папоў. – Гэта, вядома ж, усё – зандаванне Зямлі з космасу. Гэта надвор’е, лясныя пажары, вывучэнне клімату. Увогуле, усё, што звязана з вывучэннем Зямлі. Трэба адысці на нейкую адлегласць, каб гэта вывучаць».

Выключна вынікам касмічных даследаванняў мы маем новыя кампазіцыйныя матэрыялы, сістэмы абароны для мікраэлектронікі. Транспарт, медыцына, біялогія, псіхалогія, банкаўская справа – бадай, няма галіны, дзе не прыдаліся б вынаходніцтвы, зробленыя на арбіце. Намагаецца не адстаць і Беларусь. Праўда, не без падтрымання Расеі.

Акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь нагадаў, што створаная беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Створаная таксама групоўка спадарожнікаў разам з «Раскосмасам». Вырашана багата пытанняў па прыёме інфармацыі і ейным выкарыстанні ў розных галінах.

Сусветная тэндэнцыя апошніх гадоў – невялікія прыватныя касмічныя кампаніі. Яны здольныя развязваць шэраг задачаў за грошы інвестараў, калі дзяржава створыць адпаведныя спрыяльныя ўмовы.

«Відавочна, што ў Беларусі і Расеі зараз з гэтым праблемы, – канстатаваў аўтар YouTube-каналу «Открытый космос Зелёного кота» Віталій Ягораў. – Таму што, нават калі зʼявяцца прыватныя кампаніі, на міжнародны рынак так лёгка, як тыя ж фіны, яны выйсці не здолеюць. Тут усё, вядома, складаней. І ўсе гэтыя складанасці грамадзяне аплацяць з бюджэту».

А ў найбліжэйшых планах беларускай касманаўтыкі – пілатаваны палёт. На арбіту наважыліся запусціць беларуску. У кастынгу бралі ўдзел больш за 2000 асобаў: сцюардэсы, медыкі, навукоўцы, судмедэкспертка ды іншыя. Засталіся дзве кандыдаткі: асноўная і дублёрка. Іхных імёнаў дасюль не называюць. Палёт першай беларускай касманаўткі быў запланаваны на найбліжэйшую восень, але пазней яго мусілі адкласці прынамсі на паўгода. Пакуль распрацоўваюць навуковую і палётную праграмы. Расейскі блогер Віталій Ягораў, аднак, не чакае ад такой падзеі якога-кольвек навуковага прарыву.

«Гэта выключна пытанне палітыкі. Тут Расея выказвае сваю спагаду Беларусі і дэманструе вось такія свае саюзніцкія пачуцці. Гэта ўсё ляжа цяжарам на расейскі бюджэт і на расейцаў. Так што лічыце, што гэта – падарунак».

То бок дзесь 25 мільёнаў долараў дзяржаўны расейскі бюджэт прэзентуе на такое касмічнае падарожжа. Зрэшты, падобныя палёты адпавядаюць сучаснаму сусветнаму трэнду.

«Космас становіцца больш даступным. Напэўна, будзе зʼяўляцца шмат нейкіх даволі дзіўных невялікіх праектаў, звязаных хутчэй, умоўна кажучы, з нейкай забаўляльнай сферай, а не з атрыманнем практычных вынікаў».

Беларускі космас цалкам залежыць ад расейскіх рэсурсаў. З апошнімі, паводле вядомых прычынаў, узніклі пэўныя праблемы. Але ў Акадэміі навук Беларусі нацэліліся на новыя дасягненні. Акадэмік Пётр Віцязь абвясціў:

«Засваенне Месяца. Мала таго, што туды можна заляцець, – там трэба жыць! Там людзі павінныя развівацца, нараджаць. Таму адна з задач праграмы “Сірыус” – гэта нараджэнне дзіцяці ў касмічных умовах».

Некаторыя планы выглядаюць фантастыкаю. Але ж за апошнія 60 гадоў свет змяніўся так, што тагачасныя фантасты і не марылі.

Марына Яновіч, «Белсат»