Лукашэнка перадаў Пуціну «сенсацыйную» інфармацыю ад беларускай выведкі


Усход – бадай адзіны кірунак, куды цяпер Лукашэнку запрашаюць. А дакладней – на Далёкі Усход. Ён прыляцеў не з пустымі рукамі, а з абяцаннямі: «Больш не будзе ў вас зімы! Усё!»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Абяцаннямі на гэткую шчодрасць адказаў і ініцыятар сустрэчы: паабяцаў беларускім будаўнікам даць працу на Далёкім Усходзе, а ў самой Беларусі – наладзіць вытворчасць на заводах, пабудаваных яшчэ ў далукашэнкаўскую эпоху:

«У іх вельмі добрыя прадпрыемствы. Нашыя распрацоўкі, фінальная вытворчасць будзе ў іх. Вельмі добрае прадпрыемства, з савецкага часу засталося».

Каб абгаварыць касмічныя планы, Пуцін і Лукашэнка сустрэліся на касмадроме «Восточный» у Амурскай вобласці. Планы аказаліся грандыёзнымі, будоўля ж такою пакуль не выглядае. Лукашэнка нават назваў яе маленькаю: «Такая маленькая!».

У пражэктах – космас, у рэчаіснасці ж – эканамічныя праблемы і пачатая вайна. Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі гэтыя пытанні сам-насам, па выніках перамоваў адбылася прэс-канферэнцыя. Пуцін, армія якога напала на ўкраінскую зямлю, заявіў, што Расея,

Украіна і Беларусь – трыадзіны народ:

«Тое, што адбываецца ва Украіне, – вялікая трагедыя, але Аляксандр Рыгоравіч правільна сказаў: выбару не пакінулі, проста не было выбару».

А масавых забойстваў мірных жыхароў Бучы нібыта не было. Задакументаваныя факты кіраўнікі краінаў-агрэсараў назвалі «фэйкам» і «спецаперацыяй англічанаў»:

«Мы сёння падрабязна абмяркоўвалі «псіхалагічную спецаперацыю» ў Бучы, якую правялі англічане», – заявіў Лукашэнка.

«Аляксандр Рыгоравіч мне сёння даваў дакументы нават. Дакументы, якія перададзеныя ў Федэральную службу бяспекі Расеі: як, хто, у іх ёсць адпаведныя перахопы, якім транспартам прыязджаў у гэтае паселішча і ствараў умовы для арганізацыі гэтай правакацыі ды фэйку», – сказаў Пуцін.

Навошта Пуцін спасылаецца на звесткі Лукашэнкі і выведкі Беларусі, якая рэальнымі дасягненнямі ніколі не славілася?

«Роля Лукашэнкі – гэта роля стварэння інфармацыйнага шуму і хаосу дзеля таго, каб забоўтваць на расейскамоўнай прасторы трагедыю Бучы. І Лукашэнка павышае градус дэзынфармацыі, дэвальвуючы трагедыю ў Бучы, калі пачынаюць абмяркоўваць не тое, што там было, а тое, што сказаў Лукашэнка», – лічыць палітолаг Павел Усаў.

Пуцін жа распавёў пра хаду так званай спецаперацыі ды пра перамовы з Украінаю. Паводле прэзідэнта Расеі, дамоўленасці спыніць вайну перашкаджае непаслядоўнасць украінскага боку:

«Пакуль гэтага не будзе аперацыя будзе працягвацца ваенная да яе поўнага завяршэння і вырашэння тых задач, якія былі пастаўленыя ў пачатку гэтай аперацыі».

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што «Пуцін не зацікаўлены, каб скончыць гэтую вайну перамовамі. Ён зацікаўлены выключна навязаць свае пазіцыі ды павестку, ён зацікаўлены ў перамозе. І таму гэтыя перамовы тупіковыя. Тое, што робіць Пуцін, – намагаецца абвінаваціць у тым, што перамоваў няма, бо гэтага не хоча Украіна, гэтак жа як ён робіць з абвінавачаннямі Украіны, што яна вінаватая ў вайне».

Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным завяршылася, але лукашэнкаўскі ваяж па Расеі працягваецца.

Вольга Старасціна, «Белсат»