«Победа» замест «EURONEWS»


Без навінаў, але з фільмамі пра вайну. Беларусаў пазбавілі магчымасці глядзець інфармацыйны тэлеканал «Euronews». Замест яго ў сетцы вяшчання з’явіўся расейскі праект «Победа». Як гэткія змены ў медыяпрасторы ўспрынялі беларусы?

У Беларусі спынілі трансляцыю «Euronews». Замест еўрапейскага інфармацыйнага каналу гледачам прапанавалі расейскую «Победу» – тэлепраграму пра Другую ўсясветную вайну.

Жыхары Менску кажуць:

«Уключылі канал «Победа» да 75-годдзя. Да гэтага ўсё, напэўна, і ідзе. З-за мітынгаў, можа быць».

«Улада баіцца праўды. Каб народ не ведаў праўды. Таму ідзе прапаганда па БТ і ўсё. Яны навязваюць меркаванне, якое, на іхнае меркаванне, павінна быць ува ўсіх».

«Я б не пярэчыла, каб быў канал «Euronews». Хаця я яго проста не гляджу цяпер. Але тое, што «Победа», – гэта неабходна».

«Хацелася б, каб усё вярнулася, «Euronews» у тым ліку. Таму што адзіны канал, які яшчэ можна было паглядзець».

Як паведаміла Міністэрства інфармацыі, у каналу «Euronews» скончыўся тэрмін дазволу на распаўсюд на тэрыторыі нашай краіны. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі адключэнне «Euronews» называе чарговым крокам да адсячэння беларусаў ад непадцэнзурнай інфармацыі.

«Гэта яшчэ адно звужэнне для свабоды слова, яшчэ больш людзей заганяюць у канву беларускага тэлебачання, раёнак. І тыя людзі, якія не кожны дзень сочаць за тэлеграм-каналамі, сусветнымі медыямі ў інтэрнэце – для іх гэта сапраўды адчувальна. У іх сапраўды стала менш інфармацыі цяпер», – зазначае Барыс Гарэцкі.

У каментары «РИА Новости» Міністэрства інфармацыі паведаміла, што ў тэлеканалу «Euronews» знайшлі парушэнні беларускага заканадаўства аб рэкламе. Пасля выпраўлення абяцаюць даць дазвол наноў.

«Уся рэклама, якая транслюецца, мае быць на расейскай мове або беларускай. Яны сваёй рэкламы не перакладаюць, яна ідзе на англійскай».

Усясветныя навіны на канале «Euronews» глядзяць у больш як 150 краінах. Асвятляе тэлеканал і падзеі ў Беларусі, у тым ліку паслявыбарчыя пратэсты.

У эфіры расейскай «Победы» – савецкае ваеннае кіно і дакументальныя праграмы пра вайну ды сведчанні ветэранаў.

«Уключэнне тэлеканалу «Победа» будзе пашыраць наратыў пра агульную перамогу беларускага і рускага народаў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Агульная гісторыя – агульны, напэўна, погляд у будучыню», – гаворыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

З мінулага тыдня ў Міністэрстве інфармацыі новы кіраўнік. Адразу пасля прызначэння Уладзімір Пярцоў заявіў пра намер заняць інфармацыйнае поле дзяржаўным кантэнтам.

Моцны ціск на медыі пачаўся ад моманту леташніх выбараў прэзідэнта. За гэты час улады анулявалі акрэдытацыі ўсіх журналістаў замежных СМІ ў Беларусі, закрылі папяровыя версіі шэрагу рэгіянальных медыяў, адмовілі ў друку «Народнай волі» і «Камсамольскай праўдзе», пазбавілі распаўсюду часопісы «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!». У першым чытанні прынялі папраўкі ў Закон аб СМІ, якія зробяць больш складанай, а часам і немагчымай працу незалежных журналістаў.

«Тая машына абмежавання нашых свабодаў, абмежавання нашых правоў, якая пачала рух у жніўні, – яна працягвае рух цяпер на заканадаўчым узроўні. І тыя папраўкі, якія ўносяцца, вельмі сурʼёзна абмяжоўваюць права на свабоду выказвання, правы журналістаў», – кажа Барыс Гарэцкі.

За кратамі цяпер застаюцца 11 прадстаўнікоў медыясферы. Сярод іх журналісткі нашага тэлеканалу Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова, асуджаныя на два гады калоніі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»