Упарадкоўваць двары мусяць жыльцы?


Лукашэнка ўжо не ўпершыню скардзіцца на беларусаў, якія працягваюць думаць, што жывуць у сацыяльна арыентаванай дзяржаве. Цяпер самаабвешчанага прэзідэнта не задавальняе, што жыхары сталіцы хочуць, каб іхныя двары былі ўпарадкаваныя. Займацца нават гэтым пытаннем вымушаныя на самым высокім узроўні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Але так не працуе. Нідзе такой мадэлі не існуе. І найбольш эфектыўная – гэта, безумоўна, мясцовае самакіраванне, прынцып субсідыярнасці. Справы павінны вырашацца на тым узроўні, максімальна ніжэйшым узроўні, на якім яны могуць вырашацца найбольш эфектыўна», – зазначае каардынатар Беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Зміцер Кухлей.

Згодна з Менскім фондам жыллёвай гаспадаркі, сёлета плануюць добраўпарадкаваць 21,6 % сталічных двароў. Але пад гэтае паняцце можна падвесці і звычайнае абразанне кустоў. А вось зрабіць сапраўдны рамонт з заменай асфальту, бруку каля пад’ездаў і тратуараў, паставіць новыя лаўкі і ўрны збіраюцца толькі ў 8,15 % сталічных двароў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына сталага веку сядзіць на лаўцы і чытае газету. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Усё гэта ў рамках выцягвання грошай з людзей. Змена такая адбываецца, што ты дзяржаве працягваеш усё даваць, а дзяржава табе дае ўсё меней і меней. Вось ты і дарогу павінен сам аплочваць, і дом павінен сам рамантаваць. Пры тым, што дом табе не належыць, і гэта не будзе прыватнай уласнасці, як на Захадзе», – зазначае публіцыст, спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайцыц.

Развязаць пытанне ўпарадкавання, на думку Лукашэнкі, мусяць жыхары. А ўлады прывязуць бетон і арматуру. Менчукоў жа абавязваюць самых забетанаваць двары і зрабіць іншыя працы.

Раней беларусы самыя парадкавалі свае двары і падʼезды. Пэўную долю сацыяльнай нагрузкі бралі на сябе і грамадскія арганізацыі. Але, як сведчаць звесткі праваабарончай арганізацыі «Lawtrend», пасля 2020-га года рэжым зліквідаваў не менш за 1300 НДА. Людзі дасюль робяць карысныя справы, але цяпер для іх гэта небяспечна.

«Людзі працягваюць працаваць. Іншая рэч, што, на жаль, гэта нельга публікаваць. Я маю на ўвазе, на тым жа “Белсаце” немагчыма паказаць прыклады гэтых добрых справаў, самаарганізацыі людзей», – зазначае Зміцер Кухлей.

Куды ж ідуць падаткі беларусаў? Пра гэта красамоўна гавораць лічбы. Гэтак, у сёлетнім бюджэце ў параўнанні з мінулым годам выдаткі на сілавікоў выраслі на 15 %. А на абарону – на 29 %.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»