Лязом па венах. Чаму палітвязні ідуць на крайнія меры


Да спісу палітзняволеных Беларусі сёння далучылі гамяльчанку Анастасію Перавошчыкаву, якой агулам далі 105 содняў арышту. Цяпер у нашае краіне 279 палітзняволеных – гэта актывісты, палітыкі, адвакаты, журналісты ды блогеры. Прынамсі трое асобаў трымаюць у турмах галадоўку. Днямі адбылося некалькі выпадкаў пераразання венаў. Чаму зняволеныя з палітычных матываў ідуць на скрайнія крокі?

Лязом парэзаў руку ў трох месцах. На гэты крок блогера і палітвязня Сяргея Пятрухіна штурхнула жудасная антысанітарыя і немагчымасць быць у камеры, куды яго перавялі 25 лютага. Адміністрацыя турмы № 4 Магілёва пакарала вязня дваццаццю соднямі карцару.

«Пасля таго, як ён перацяў сабе вены, яму была нададзеная медычная дапамога. Я сама бачыла, што накладзеныя швы на раны, і ужо былі ў стадыі зажыўлення, бо з 25 чысла, я наведвала яго ўчора, 11 чысла», кажа адвакатка Сяргея Пятрухіна Ірына Точкар.

Дзевяць дзён сухую галадоўку трымае гарадзенскі музыка Ігар Банцэр. З кастрычніка яго утрымліваюць ў адзіночцы СІЗА гарадзенскай турмы, некалькі разоў змяшчалі ў карцар. Абвесціў галадоўку і палітзняволены Дзмітрый Фурманаў. На 5 содняў яго кінулі ў карцар, а на прагулку выводзяць выключна ў кайданках. На шпацыр ў кайданках водзяць і палітзняволенага Мікалая Дзядка – нядаўна яго паставілі на прафілактычны ўлік як небяспечнага.

«Падобныя меры прымяняюцца да людзей, асуджаных да смяротнага пакарання, пажыццёвага заключэння. Але ніяк не да чалавека, які з‘яўляецца пакуль толькі абвінавачаным. Няма прысуду суда», – падкрэслівае бацька Мікалая Дзядка, былы суддзя Аляксандр Дзядок.

На знак пратэсту супраць новага абвінавачання паспрабаваў перацяць сабе жылы палітзняволены Ігар Лосік. Учора ён абвесціў сухую галадоўку. Раней ён галадаваў 41 дзень.

«Колькі разоў яго і ў такія ўмовы ставілі, і псіхалагічна ціснулі, і пазбаўлялі перапіскі, прэсы, а тут атрымоўваецца такое ўзрушэнне новае, больш цяжкае абвінавачванне, больш цяжкія артыкулы, як я зразумела. Гэта быў крык адчаю і яшчэ адна спроба звярнуць на сябе ўвагу», – упэўненая жонка Ігара Лосіка Дар‘я Лосік.

Скардзіцца на неатрыманне лістоў і нашая калега, журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова. Гэта таксама адзін з элементаў псіхалагічнага ціску. Праваабаронца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны на ўласным досведзе зазнаў стаўленне турэмнай адміністрацыі да палітзняволеных.

«Намеснік па рэжымна-адміністрацыйнай працы СІЗА-2 Віцебску падпалкоўнік Лаур асабіста абвінаваціў мяне ў тым, што я маю свае погляды на палітыку дзяржавы, я не падтрымліваю іх палітычныя погляды. І за мае палітычныя перакананні ён падышоў і, калі ў мяне рукі былі за спінай, ударыў мяне кулаком у твар», – распавядае Міхаіл Жамчужны.

Улады свядома ціснуць на палітзняволеных, упэўнены праваабаронца Алег Волчак: «Я лічу, што гэта робіцца, каб застрашыць насельніцтва, наогул якую-небудзь актыўнасць і паказаць, што апроч таго, што вы атрымаеце тэрмін, то ў вас яшчэ будуць і праблемы і ў месцах пазбаўлення волі, будзеце абмежаваныя ва ўсіх правах». Агулам спіс палітзняволеных сёння павялічыўся яшчэ на 6 чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»