Сёлетні «Super bowl» глядзелі ў 150 краінах свету


Галоўная спартовая падзея года ў Злучаных Штатах Амерыкі – безумоўна, «Super bowl». Сочаць за ёю на ўсёй планеце. Сёлета гульню, што адбылася на перапоўненым стадыёне «Allegiant» у Лас-Вэгасе, транслявалі больш як у 150-ці краінах свету на пяці кантынентах. «Super bowl» даўно выйшаў за межы спорту і стаўся сацыяльна-культурніцкім феноменам. Што гэта за з’ява, якая прыцягвае дзясяткі мільёнаў чалавек?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Super bowl» – гэта фінальная сустрэча за званне чэмпіёна Нацыянальнай футбольнай лігі, самай паспяховай і багатай спартовай лігі свету. Трэба ўдакладніць, што звычайны ў нашым разуменні футбол амерыканцы называюць «сокер». Амерыканскі ж футбол – гэта кантактны від спорту, які падобны да рэгбі. Гуляюць у яго авальным мячом дзве каманды па адзінаццаць чалавек. Матч трывае 4 таймы па 15 хвілінаў кожны.

«Так, яны зрабілі ўсё правільна, і я павінен вам сказаць, што гэта самая важная гульня за ўсю гісторыю», – распавёў заўзятар «Kansas City Chiefs» Філ Рызьёў.

Фінальны матч і яго антураж, гэтак званая нядзеля «Super bowl», дэ-факта зрабіліся цягам гадоў нацыянальным святам у ЗША. Шмат асобаў, нават якія звычайна не цікавяцца спортам, улучаюць трансляцыю, каб паглядзець музычнае шоу ў перапынку. За 33 гады, што яно праводзіцца, на сцэне выступілі шматлікія сусветныя зоркі: ад Мадонны да Рыяны. Сёлета фронтмэнам быў лаўрэат васьмі прэміяў «Грэмі» выканаўца Эшэр.

У сёлетнім фінальным двубоі «Kansas City Chiefs» перамаглі «San Francisco 49ers» толькі ў оўвэртайме. Для «Kansas City Chiefs» – гэта чацвёрты «Super bowl» у гісторыі, другі запар і трэці тытул за апошнія пяць гадоў.

«Я думаў, што гэта будзе вельмі класна. Я адчуваў, што “Kansas City Chiefs” могуць вярнуцца ў другім тайме – так яны і зрабілі. А яшчэ быў і оўвэртайм. У выніку ўсе, хто набыў квіткі на “Super bowl”, атрымалі дадатковую частку футболу. Гэта выдатна», – кажа фанат «Kansas City Chiefs» Ісраэл Ройбал.

«Kansas City Chiefs» – гэта каманда-дынастыя, адна з найвялікшых у гісторыі амерыканскага спорту. Яе поспех і папулярнасць параўноўваць з баскетбольным «Chicago Bulls» эпохі Майкла Джордана і хакейным «Edmonton Oilers» Ўэйна Грэцкі.

«Kansas City Chiefs» – пераможцы сёлетняга «Super bowl».
Фота: BRIAN SNYDER / Reuters / Forum

«Так, гэта крыху сюррэалістычна. Такая гульня два гады запар – рэдкасць для нашай каманды. Але гэта вялікая перамога, бо я ведаю, як цяжка гэта зрабіць. У нас быў напружаны сезон, ён чаргаваўся ўзлётамі і падзеннямі. Я ганаруся хлопцамі, што яны проста ладзяць адзін з адным і захоўваюць для ўсіх пазітыўны настрой», – зазначыў галоўны трэнер «Kansas City Chiefs» Эндзі Рыд.

Асобным чынам варта вылучыць рэкламу для фіналаў Нацыянальнай футбольнай лігі. Рэкламныя ролікі, якія кампаніі здымаюць спецыяльна для паказу падчас трансляцыі «Super bowl», даўно ўжо сталіся асобным жанрам у гэтай індустрыі. 30-цісекунднае відэа падчас фіналу каштаваў ажно 7 мільёнаў долараў. Сёлета ў рэкламах для «Super bowl» засвяціліся Льёнэль Мэсі, Арнольд Шварцэнэгер, Бэн Эфлек і Мэт Дэйман, а таксама Дэйвід і Вікторыя Бэкгэмы.

Вось толькі некаторыя цікавыя факты і лічбы з сёлетняга фіналу:

  •  Цяперашні «Super Bowl» стаўся самым дарагім за ўсю гісторыю. Сярэдні кошт квітка складаў прыблізна 8600 долараў.
  • Гульня прынясе ў бюджэт Лас-Вэгасу больш за 500 мільёнаў долараў.
  • Людзі з усяго свету ўжо зрабілі стаўкі на «Super Bowl» на суму больш за 23 мільярды долараў.
  • Падчас фіналу толькі ў ЗША з’елі каля 13 мільёнаў піцаў.
  • Амерыканцы напярэдадні фіналу заказалі піва амаль на 11 мільярдаў долараў.
  • Паводле папярэдніх падлікаў гледачы зʼелі столькі бульбы фры, што ёй можна было б напоўніць 39 самалётаў «Boeing-747».

Кранальным кадрам вечара шмат хто палічыў пацалунак славутай амерыканскай спявачкі Тэйлар Сўіфт з бой-фрэндам, пераможцам «Super Bowl» Трэвісам Келсі. Пра іхны раман стала вядома летась. Дзякуючы спявачцы тэлерэйтынгі матчаў «Kansas City Chiefs» рэзка выраслі, як і папулярнасць самога гульца. Патрык Магоўмз трэці раз за шэсць гадоў выгуляў «Super Bowl», яго і прызналі найлепшым гульцом фіналу.

«Неймаверная радасць. Я нават не ведаў, куды ісці, я маю на ўвазе, што гэта настолькі вельмі цікава. Я ганаруся камандаю, ганаруся хлопцамі, якія біліся да канца. Гэта быў апагей нашага сезону, і мы здолелі перамагчы», – удакладніў абаронца «Kansas City Chiefs», MVP «Super Bowl» Патрык Магоўмз.

«Super Bowl-2024» – гэта ўжо гісторыя. «Kansas City Chiefs» – першая камандаю за 19 гадоў, якая два гады запар зрабілася чэмпіёнам Нацыянальнай футбольнай лігі.

Павел Алейнікаў, «Белсат»