Чаму расце агрэсія сярод беларусаў


У стане алкагольнага ап’янення без прычыны бʼюць незнаёмых асобаў, шкодзяць маёмасць, здзекуюцца з хатніх жывёлінаў. Такімі амаль што аднолькавымі паведамленнямі поўняцца міліцэйскія зводкі па краіне. Статыстыка фіксуе значную долю выпадкаў хуліганства за мінулыя гады. З чым звязаны рост агрэсіі ў грамадстве?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Моцны ўдар нагой у спіну, пашкоджаныя рэчы ды адзенне. Гэта вынік выпадковай сустрэчы гарадзенскага пенсіянера з пʼяным маладзёнам. Напярэдадні ён зваліў з ног 69-гадовага мужчыну, той нават пераляцеў праз лаўку. Калі хулігана знайшлі, той не здолеў растлумачыць свайго ўчынку.

«Алкаголь няякасны і кошт на яго невялікі, натуральна, маюцца сацыяльна-эканамічныя праблемы ў людзей. Усё гэта выцякае ў такія злачынствы», – зазначае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Фігуранты крымінальных зводак выліваюць агрэсію не толькі на асобаў, але часта і на матэрыяльныя рэчы, што належаць не ім. Чарговая гісторыя трапіла на камеры відэаназірання ў пачатку гэтага месяца.

19-гадовая дзяўчына залезла на аўта і пачала скакаць па ім. У выніку – пашкоджаны кодаўб і ветравое шкло. Гэтак берасцейка пастанавіла прыцягнуць да сябе ўвагу пасля сваркі з хлопцам. І гэта далёка не адзіны выпадак праяўлення неабгрунтаванай агрэсіі. У пачатку года ў сталіцы мужчына скінуў з 9 паверху ката. Жывёліна загінула.

«Людзі хочуць выліць сваю агрэсію. І скажам так: гэтая агрэсія павялічваецца. Бо ёсць незадаволеныя жыццём у краіне. Бо фінансавая нестабільнасць. Бо ідзе вайна, і людзі злыя», – тлумацыць псіхолаг Ала Марціновіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ведомости

Летась у Беларусі паводле артыкулу «Хуліганства» пачалі каля 3500 справаў. Гэта складае 4 % ад усіх злачынстваў. Рэзкі ўсплёск хуліганстваў – на 17 % – праваахоўнікі адзначылі ў 2019 годзе. З таго часу гэтыя злачынствы займаюць заўважнае месца ў крымінальнай статыстыцы.

«На ўсіх узроўнях гэтая прафілактыка ў Беларусі кульгае, і гэта ў тым ліку праз жахлівы некамплект у міліцыі. І загружанасці тых супрацоўнікаў, якія ёсць цяпер у міліцыі», – сведчыць Уладзімір Жыгар.

Як зазначае Ала Марціновіч, узровень агрэсіі ў грамадстве будзе павялічвацца. Перадусім сярод моладзі:

«Яны – падлеткі, яны будуць браць прыклад з тых людзей, якія робяць гэтак. Мы ведаем, што падлеткавы ўзрост – гэта павышаны ўзровень агрэсіі. Яны будуць рабіць тое ж. Таму гэтая краіна, яе рэйтынг – нуль».

У канцы 2023 г. 18-гадовы хлопец і ягоная 16-гадовая сяброўка пашкодзілі 3 аўтамабілі. Матыву ўчынкаў яны растлумачыць не здолелі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»