ІТ-галіна тармозіць эканоміку


Заробкі ў доларах скараціліся, колькасць рэзідэнтаў зменшылася, уплыў на прырост ВУП адмоўны. Так пачала новы год IT-галіна. Паказальны прыклад – закрыццё буйной кампаніяй «Playtika» офісу ў Менску і скарачэнне паловы мясцовай каманды праграмістаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Што адбываецца з былым гонарам Лукашэнкі і Валерыя Цапкалы, Паркам высокіх тэхналогіяў, і агулам з ІТ-індустрыяй у Беларусі?

Найбуйнейшы беларускі ІТ-партал «Dev.by» падвёў вынікі ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў Беларусі. За першыя 11 месяцаў мінулага года сярэдні заробак айцішнікаў упаў на 10 % адносна такога ж перыяду 2022 года. І гэта ў пераліку на долары.

Адток ІТ-спецыялістаў працягваецца, хаця і запаволіўся. Як адзначае «Dev.by», усяго за мінулы год з сектару інфармацыйных тэхналогіяў у Беларусі «выпалі» каля дзесяці тысяч спецыялістаў. Эксперты кажуць, што многія айцішнікі, якія планавалі рэлакацыю, ужо з’ехалі.

«Першая хваля была больш вялікая, чым другія. Потым такія цякучыя хвалі, больш роўныя ідуць, больш доўгатэрміновыя планы разрабляюцца», – зазначае доктар філасофіі, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

З мінулага года Нацыянальны статыстычны камітэт увогуле перастаў публікаваць інфармацыю пра колькасць працаўнікоў у ІТ-сектары.

У лістападзе намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун заявіў, што ў ІТ-галіне некалькі месяцаў назіраецца аднаўленчы трэнд. Аднак нават афіцыйная статыстыка паказвае, што сектар ужо не спрыяе беларускай эканоміцы, а тармозіць яе. За 11 першых месяцаў 2023 года ўнёсак ІТ у дынаміку валавога ўнутранага прадукту мінус 1 %. Будучыня ІТ-галіны Беларусі сёння пад вялікім пытаннем.

«Занадта шмат фактараў нам паказвае, што сёння ў сутнасці ніякага росту IT-індустрыі ў Беларусі не адбываецца, а адбываецца, адпаведна, памяншэнне аб’ёмаў IT-індустрыі ў краіне. Я персанальна не веру, што кітайскія, індыйскія ці арабскія кампаніі могуць гэта спыніць», – зазначае сузаснавальнік платформы «Голас» і платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер.

За два мінулыя гады Парк высокіх тэхналогіяў у Менску прыняў 130 новых рэзідэнтаў. Але на 36 % больш кампаніяў за той жа час пайшлі з ПВТ. Цяпер у Парку – 1018 кампаніяў і ІП. Год таму было 1065.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ПВТ.
Фота: justarrived.by

Паводле вынікаў дарэпрэсійнага 2019 года ПВТ набраў 318 новых рэзідэнтаў – рэкорд да гэтага часу. Уклад ІТ-паслуг у агульны ВУП краіны тады склаў 6,1 %, а іх экспарт перавысіў $2 мільярды.

Цяпер жа Парк высокіх тэхналогіяў страціў былую прывабнасць для ІТ-сектару, зазначае эканаміст Алег Мазоль, навуковы працаўнік Беларускага эканамічнага цэнтру даследаванняў «BEROC»:

«Пад уплывам палітычных рэпрэсій, звальненняў спецыялістаў з ВНУ, зніжаецца якасць падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў. З іншага боку, дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, Беларусь сёння стала таксічнай юрысдыкцыяй, у якой размяшчаюць замовы толькі кампаніі з падобных дыктатарскіх рэжымаў: Расеі, Кітаю, краін Афрыкі».

Паказальны прыклад адыходу рэзідэнтаў з ПВТ – заява топ-менеджменту ізраільскай кампаніі «Playtika». Працаўнікам паведамілі, што офіс у Менску закрыюць у канцы лютага. Згодна з вынікамі 2022 года, «Playtika» уваходзіла ў топ-10 вытворцаў мабільных гульняў паводле ўзроўню прыбыткаў у свеце.

Крыніцы парталу «Dev.by» чакаюць, што кампанія скароціць палову ўсёй менскай ІТ-каманды, а гэта паўтары сотні спецыялістаў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»