Літва спыняе транзіт беларускага калію


Еўропа і ЗША сінхранізуюць санкцыі ў дачыненні беларускага палітычнага рэжыму, але Літва – зноў на крок хутчэй – дзее на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства. Сейм зацвердзіў прынятую ў снежні выснову ўрадавай камісіі аб тым, што пагадненне паміж літоўскімі чыгункамі і «Беларуськаліем» не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі. З 1-га лютага беларускі калій не паедзе праз Літву. Беларусь – шукае новых пакупнікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Са знакам «плюс» скончылася аўдытарская праверка на санкцыйным прадпрыемстве «Беларуськалій». Аўдытараў наймаюць зацікаўленыя ў супрацы кампаніі, каб ацаніць стан арганізацыі партнёра перад заключэннем дамовы. Дзмітрый Кудзялевіч са страйкаму «Беларуськалію» распавёў «Белсату»:

«Па ўсім відаць, што заключаецца нейкая новая ўгода з нейкім альтэрнатыўным пакупніком. Паводле маіх крыніцаў гэта нейкая аўстралійская кампанія. На фоне аўдыту адбыліся 2 няшчасныя выпадкі, якія не паўплывалі на цячэнне аўдытарскай праверкі».

Дзмітрый Кудзялевіч лічыць, што гэтыя выпадкі на прамысловай пляцоўцы «Беларуськалію» ніхто афіцыйна не зарэгістраваў.

«Ведамствавая паліклініка, якая абслугоўвае супрацоўнікаў “Беларуськалію”, была створаная менавіта для такіх мэтаў – каб можна было ўкрываць статыстыку, маніпуляваць лічбамі», – кажа страйкамавец.

Сябра страйкаму цвердзіць, што вочы на праблемы бяспекі ў шахтах заплюшчвала і нарвежская кампанія Yara, якая напярэдадні з вялікім жалем абвесціла пра спыненне супрацы з прадпрыемствам. Публічна яе гендырэктар заяўляў, што застаецца партнёрам «Беларуськалію» ў тым ліку каб пільнаваць правы працоўных.

Магчыма, учора Беларуская калійная кампанія знайшла новага партнёра, але сёння – страціла галоўны экспартны канал. Першага лютага перастане дзеяць кантракт на перавозку беларускага калію ў літоўскі порт Клайпеда, адкуль угнаенні разыходзіліся па сусветных пакупніках.

«Паколькі “Беларуськалій” хутка пераарыентаваўся – працягнуў гандаль і з Yara, і з Літоўскаю чыгункай, літоўцам давялося шукаць іншыя выхады з крызісу. Сённяшняя заява аб прыпыненні транзіту – гэта прэцэдэнт і таксама сігнал усім іншым кампаніям, што так рабіць нельга», – пракаментаваў старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Падпісанае ў 2018-ым годзе пагадненне «Літоўскіх чыгунак» з «Беларуськаліем» дзейнічае да канца 2023-га года. Згодна з ім, праз Літву ў порт «Клайпеда» прыбывае каля 11 млн / тон беларускіх угнаенняў у год. Беларусь дагэтуль пакрывала звыш 20 % сусветнага экспарту калійных угнаенняў, які ў грашовым выражэнні »важыў« $ 2,41 млрд у 2020-ым годзе. Літоўскія чыгункі ў выпадку аднабаковага выхаду з дамовы маглі збанкрутаваць перадусім праз штрафы. Адзіным развязаннем сталася прызнанне дамовы – пагрозаю нацыянальнай бяспецы краіны. Што сёння і зрабіў Урад Літвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Палітолаг з Літвы Віціс Юрконіс кажа:

«Былі тыя, хто ў снежні думаў, што раз – і ўсе вагоны спыняцца. Такога не адбылося, таму што трэба было выканаць хатнюю працу. Не дастаткова абвесціць санкцыі, трэба зрабіць усё магчымае, каб яны выконваліся. Таму што тут, у Еўропе, зробленая вялікая інфраструктура абыходу санкцыяў. Ёсць юрыдычныя кампаніі і кансультанты».

Гэта і дазволіла »Беларуськалію« падоўжыць транзіт на некалькі месяцаў. За тое, што ўмяшаліся палітыкі – Святлана Ціханоўская сёння асабіста падзякавала прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседзе.

«Ціханоўская папрасіла прэзідэнта Науседу, каб транзіт быў спынены не толькі праз Літву, але праз усе балтыйскія краіны. Каб у рэжыму не было магчымасці перанакіраваць свае грузы на Латвію ці Эстонію», – дадаў Франак Вячорка.

Часткова гэтай мэце будзе служыць чарговы – вось ужо шосты пакет санкцыяў Еўразвязу, распрацаваны так, каб закрыць лазейкі, якія засталіся пасля пятага.

Юлія Цяльпук, «Белсат»