Аб'ектыў 23.04.2018 11 дзён барацьбы: Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку


На вуліцах Ерэвану тысячы радасных людзей – прэм’ер Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку. Што вымусіла яго саступіць і што чакае Арменію далей?

Адзінаццаць дзён пратэстаў закончыліся перамогаю праціўнікаў прэмʼера. На сваёй афіцыйнай старонцы Сэрж Саргсьян апублікаваў заяву аб адстаўцы.

«Дарагія суайчыннікі, […] Нікол Пашыньян меў рацыю. Я памыліўся. У цяперашняй сітуацыі ёсць некалькі развязанняў, але ні на адно я не пайду. Гэта не для мне. Я пакідаю пасаду кіраўніка краіны, пасаду прэмʼер-міністра Арменіі. Людзі на вуліцах супраць майго прэмʼерства. Я выконваю вашае патрабаванне. Свету, гармоніі ды логікі нашай краіне», – гаворыцца ў заяве.

Яшчэ ўчора Сэрж Саргсьян наадрэз адмовіўся весці перамовы аб адстаўцы, а лідары апазіцыі былі затрыманыя. Але Ерэван выйшаў з-пад кантролю ўладаў.

«Сілаў армянскай паліцыі наўрад ці хопіць, каб разагнаць 50–60 тысячаў чалавек. Нават пасля разгону паўстае пытанне: а як ты будзеш потым кіраваць такою краінаю?», – кажа палітычны аглядальнік Айк Галатʼян.

Арменію чакаюць датэрміновыя парламенцкія выбары?

«Я думаю, што краіну чакаюць датэрміновыя выбары, і я думаю, што гэтыя выбары будуць абвешчаныя парламентам досыць хутка. Я думаю, што будзе сфармаваны часовы ўрад, з вялікаю імавернасцю – на чале з першым віцэ-прэмʼерам Карэнам Карапэт’янам», – мяркуе дырэктар Інстытуту Каўказу Аляксандр Іскандарʼян.

Да адстаўкі прэмʼера прывялі мітынгі, якіх Ерэван не бачыў больш за 20 гадоў. У нядзелю ў цэнтры сталіцы сабраліся каля 60 тысячаў чалавек. У панядзелак страйк абвясцілі 10 тысяч студэнтаў.

«У маніфестацыі ўдзельнічае мноства студэнтаў майго Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэту. У Амерыканскім універсітэце Арменіі на шэсце выйшлі не толькі студэнты, але і выкладчыкі. Узначальваюць калону студэнты медычнага ўніверсітэту ў белых халатах. Таксама страйкуюць паштовыя службоўцы, работнікі шпіталю ў Ерэване, працоўныя некаторых прадпрыемстваў. Нічога падобнага ў Арменіі не было з часоў абвешчання незалежнасці», – кажа студэнтка Наір Багдасаран.

Да пратэстоўцаў далучыліся некалькі дзясяткаў салдатаў міратворчага падраздзялення Узброеных сілаў. Пайсці на сілавы разгон непапулярны прэмʼер ужо не мог. З СІЗА выпусцілі лідараў пратэстаў – дэпутатаў Ніколу Пашыньяна, Сасуна Мікаэльяна і Арарата Мірзаяна. Праз гадзіну пасля гэтага ў адстаўку сышоў сам Саргсьян.

Раней улады заяўлялі, што пашырэнне пратэстаў можа нанова распаліць вайну з Азербайджанам. Міністэрства абароны непрызнанай Карабахскай рэспублікі паведаміла, што Баку можа скарыстацца нестабільнасцю ў Ерэване, і для гэтага сцягвае да Карабаху войскі.

Некаторыя каментатары баяліся, што адстаўка Саргсьяна выкліча інтэрвенцыю Расеі. Яе войскі размяшчаюцца недалёка ад сталіцы на базе ў горадзе Гюмры.

«Гэта поўнае трызненне. Амаль такія ж складаныя падзеі былі ў Арменіі ў 2008 годзе, і тады расейская база наагул не ўмяшалася ў сітуацыю. […] Лідары пратэстоўцаў, сярод якіх ёсць нямала людзей з празаходнімі поглядамі, нават яны пазбягаюць якой-небудзь антырасейскай рыторыкі або ўвядзення вонкавапалітычных момантаў. Яны падкрэсліваюць, што гэта пратэст супраць дзейных уладаў», – зазначае Айк Галатʼян.

Сэржу Саргсьяну, які 10 гадоў кіраваў Арменіяй на пасадзе прэзідэнта, гэтак і не ўдалося ўзначаліць краіну ў якасці прэмʼера. Падобна, што масавыя пратэсты не далі краіне збочыць на шлях аўтарытарызму, па якім даўно і ўпэўнена ідуць яе партнёры з Еўразійскага саюзу.

Аляксандр Папко, «Белсат». Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары