Як люксавыя аўты аб’язджаюць санкцыі


Прынамсі тысячу люксавых аўтаў прывезлі сёлета ў Беларусь з Еўропы. Але майбахі, фэрары ды лямбаргіні не засталіся ў нашай краіне, іх праз абыход санкцыяў адправілі ў Расею. Такія вынікі журналісцкага расследавання новага праекту «Бюро», праведзенага супольна з расейскім выданнем «Вёрстка».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як мінімум мы знайшлі пастаўкі тысячы машынаў на сто мільёнаў долараў. Гэта такія, якія могуць дазволіць сабе заможныя людзі. Гэтым бізнесам займаюцца ў Беларусі, як правіла, людзі якія маюць сувязі з атачэннем Лукашэнкі», – кажа журналіст расследніцкага выдання «Бюро» Алесь Ярашэвіч.

У расследаванні гаворыцца пра тры дзясяткі фірмаў, праз якія адбываецца перапродаж еўрапейскіх элітных аўтаў у Расею. Першае месца сярод іх займае «Прэміяльная транспартная кампанія», зарэгістраваная летась у верасні. Толькі яна прадала ў Расею люксавых машынаў больш як на пятнаццаць з паловай мільёна долараў. У пяцёрку ўваходзяць таксама «Тэхна-Джэт Груп», «Кастам-Сэрвіс», «Атлант-М Брытанія» і «Зіп-Лайн».

«Ёсць такая кампанія – “Зіп-Лайн”. Ёй валодае бізнесовец Андрэй Піскароў. Ён сам выхадзец з Міністэрства замежных справаў, там пачынаў кар’еру, потым пайшоў працаваць на Чыжа, якога раней называлі гаманцом Лукашэнкі», – распавядае Алесь Ярашэвіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: DRIVAR / Pixabay

Невыпадковыя і іншыя фірмы з гэтага спісу. Да прыкладу, «Прэміяльная транспартная кампанія» – партнёр Беларускай федэрацыі барацьбы, разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам на чале з Віктарам Лукашэнкам і Прэзідэнцкім спартыўным клубам пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Прадстаўнік яшчэ адной з кампаніяў-пракладак нават пагражаў расследнікам. Ягоны маналог па тэлефоне апублікавалі ў тэлеграм-канале «Бюро»:

«Якія, б***ь, шэрыя схемы? Вы на Еўразвяз працуеце ці што? Можа, мне ГУБАЗу патэлефанаваць, каб з вамі пагаварылі? Што вы, можа быць, вораг народу?»

Шэрыя схемы правозу праз нашую краіну люксавых аўтаў магчымыя, бо на Беларусь не пашыраюцца заходнія санкцыі на аўтамабілі. Забарону на пастаўкі ў Расею аўтамабіляў, даражэйшых за пяцьдзясят тысяч еўраў, увялі ўрады Злучаных Штатаў, Еўразвязу і Вялікай Брытаніі – пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У Беларусі ж моцна выраслі і экспарт, і імпарт спажывецкіх нехарчовых тавараў, да якіх належаць і аўты.

«Экспарт спажывецкіх нехарчовых тавараў за 9 месяцаў з Беларусі вырас на 38,3 % у параўнанні з мінулым годам. А імпарт павялічыўся ажно на 62,8 %», – кажа экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Паводле расследавання, больш за ўсё дарагіх аўтамабіляў завозяць у Беларусь з Нямеччыны, Літвы і Польшчы. Адзін са спосабаў калі не спыніць, дык, прынамсі, ускладніць магчымасць іх рээкспарту ў Расею – уніфікацыя санкцыяў, то бок забарона пастаўляць дарагія машыны з Еўразвязу не толькі ў Расею, але і ў Беларусь.

«Калі, дапусцім, гэтае абмежаванне ўвесці і для Беларусі, калі мы кажам пра люксавыя аўты, – то зразумела, што іх набываюць людзі, якія маюць добры прыбытак. І нават калі абмежаванне ўвесці, яны будуць выкарыстоўваць іншыя шляхі абыходныя», – кажа Настасся Лузгіна.

Але гэтыя шляхі пойдуць праз азіяцкія краіны, а не праз памагатых лукашэнкаўскага рэжыму.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»