Святлана Ціханоўская дамаўляецца пра новыя санкцыі для Лукашэнкі


Святлана Ціханоўская ў Бруселі сустрэлася з міністрамі замежных справаў Еўразвязу і правяла перамовы з кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі. Падчас перамоваў бакі дамовіліся аб увядзенні новых санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спачатку Украіна, потым Газа, потым – сітуацыя ў Заходняй Афрыцы. Але і пра Беларусь не забылі, проста ў нас сітуацыя не такая нявызначаная. Міністры замежных справаў дзяржаваў Еўразвязу сёння сабраліся на паседжанне ў Бруселі, куды асобна былі запрошаныя і краіны-ўдзельніцы праграмы Ўсходняе Партнёрства: Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна. Нашая дзяржава таксама намінальна ўдзельнічае ва Ўсходнім Партнёрстве. Але…

«Месца Беларусі на паседжанні міністраў замежных справаў краінаў Усходняга партнёрства – пустое. Мы працягваем рабіць усё магчымае, каб ізаляваць рэжым Лукашэнкі і падтрымаць беларускую апазіцыю. Я чуў, што рэжым будзе праводзіць выбары ў Беларусі. Цікава, якія гэта будуць выбары?» – такі каментар перад паседжаннем у панядзелак даў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежнай палітыцы Жузэп Бурэль.

Напярэдадні ўвечары падчас працоўнай вячэры прайшлі перамовы міністраў замежных справаў са Святланай Ціханоўскай як прадстаўніцай Беларусі, а таксама дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Еўразвяз мусіць распрацаваць комплексную стратэгію для абароны незалежнасці Беларусі і вывесці Беларусь на шлях дэмакратычнага развіцця. Для гэтага важна закрыць шчыліны ў санкцыях, прыцягнуць да адказнасці паплечнікаў Лукашэнкі, а таксама падтрымаць беларускі дэмакратычны рух і палітвязняў», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Жузэп Бурэль і Святлана Ціханоўская.
Фота: ec.europa.eu

Жузэп Бурэль падтрымаў просьбу прадстаўнікоў Беларусі і падкрэсліў, што пра нашую краіну ў Еўразвязе не забылі, хоць цяпер і палаюць войны ва Украіне ды Ізраілі.

«Спадзяюся, што афіцыйная ўлада ў Беларусі ўрэшце будзе абраная дэмакратычным шляхам і будзе цалкам рэпрэзентаваць беларускі народ. А да тых часоў – мы працягнем ужываць санкцыі супраць рэжыму і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы», – падкрэсліў Жузэп Бурэль.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі абвесціў аб дадатковым пакеце фінансавай дапамогі беларускаму народу і дэмакратычным сілам – плюс EUR 30 млн. Пачынаючы з выбараў 2020 года, агульная дапамога дасягнула EUR 140 млн, падкрэсліў Бурэль.

«Дарагая Святлана, я ведаю, што гэта кропля вады ў акіяне патрэбаў беларускага народу і апазіцыі, але мы зробім усё магчымае, каб падтрымаць вас», – запэўніў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу.

Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейцаў дзейнічаць адносна Беларусі не так, як у папярэднія гады. Бо нашая краіна – гэта не частка праблемы расейска-ўкраінскай вайны, а частка рашэння гэтай праблемы:

«Мы прапануем увесці санкцыі супраць Расеі за падрыў незалежнасці Беларусі. Мы прапануем пачаць расследаванне злачынстваў Лукашэнкі, у тым ліку – паводле факту выкрадання ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных – і ў першую чаргу тых, хто цяпер у цяжкім стане».

Ціханоўская заклікала ўвесці санкцыі супраць суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў і вайскоўцаў, датычных да злачынстваў супраць беларусаў і ўкраінцаў. Яна падкрэсліла, што нельга прызнаваць псеўда-выбары, якія Лукашэнка рыхтуе ў лютым.

Апроч перамоваў з міністрамі ў Бруселі, Святлана Ціханоўская сёння мае сустрэчы з прэзідэнтам бельгійскага Сенату, міністрам-прэзідэнтам Фландрыі як адміністратыўнай часткі Бельгіі і асобна – з міністрам замежных справаў Швецыі. Найважнейшая падзея заўтра – паседжанне Кансультатыўнай групы «Беларусь-Еўразвяз».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»