Ціханоўская ў Бруселі: чаго чакаць ад візіту?


Святлана Ціханоўская пачала візіт у Брусель на запрашэнне Еўрапарламенту. Там яна мае выступіць перад камітэтам у замежных справах Еўразвязу, а таксама сустрэцца з шэрагам афіцыйных асобаў. Якая практычная карысць ад гэтых візітаў? Чаму дэмакратычныя сілы ўсталявалі кантакты з ЕЗ, але пакуль не наладзілі стасункаў з украінскімі ўладамі? І ці магчымае аднаўленне дыялогу паміж Захадам і беларускім рэжымам? У тонкасцях дыпламатыі разбіраліся нашыя калегі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад еўрапарламентарыяў – да міністраў краінаў Еўразвязу. Гэткі план сустрэчаў падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Брусель. Еўрапейскім структурам прэзентуюць Аб’яднаны пераходны кабінет. Таксама на парадку дня адкрыццё прадстаўніцтва місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі з уласным офісам.

«Таксама місіі будзе дадзены фармальны статус. Пра гэта будуць адбывацца перамовы ў найбліжэйшыя дні з кіраўніцтвам Бельгіі. Гэта можа быць квазідыпламатычны або цалкам дыпламатычны статус, які дазволіць прадстаўляць інтарэсы беларусаў больш эфектыўна», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Абмяркуюць і пытанне новых санкцыяў. Першы пакет закранае Расею і Беларусь – за агрэсію супраць Украіны. Другі ідзе асобна і датычыць адказных за рэпрэсіі ў Беларусі: чыноўнікаў, сілавікоў, суддзяў і прапагандыстаў. Для іх траплянне ў санкцыйны спіс азначае забарону на ўезд у ЕЗ і праблемы з замежнымі актывамі і банкаўскімі рахункамі. Прычым не толькі ў Еўразвязе.

«Гэтыя санкцыі могуць заставацца на ўсё жыццё. Для вялікай колькасці людзей унутры рэжыму гэта моцны ўдар. І яны не хацелі б пад яго трапіць. Ніхто не хацеў бы зараз несці адказнасць за злачынствы Лукашэнкі і Пуціна», – тлумачыць Франак Вячорка.

Дыпламатычныя намаганні Абʼяднаны кабінет ужывае і для наладжвання стасункаў з афіцыйным Кіевам.

«Мы прапануем Украіне і ўкраінскаму народу збудаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю. Весці барацьбу разам і падтрымліваць беларускі супраціў. Абʼяднаны пераходны кабінет гатовы да супрацы з Украінай і ўсталявання дыпламатычных і палітычных адносінаў», – заявіла Святлана Ціханоўская ў звароце да прэзідэнта Украіны.

Рэакцыі Украіны, аднак, пакуль не было. Украінскі палітолаг Яўген Магда адзначае, што офіс Зяленскага падыходзіць да пытання прагматычна.

«Калі мы бачым, што Абʼяднаны пераходны кабінет больш за два месяцы толькі разгортваецца і – у маім разуменні – адзначыўся толькі фотасесіяй, калі мы ведаем, што полк Каліноўскага і полк «Пагоня» ёсць вайскоўцамі Збройных сілаў Украіны, то ў офісу прэзідэнта Украіны ўзнікае пытанне: а што нам дае дачыненне з офісам Ціханоўскай?» – мяркуе Яўген Магда.

Паводле іншай версіі, Кіеў, які вядзе цяжкую вайну, стараецца лішні раз не правакаваць Лукашэнку.

«Напэўна, прэзідэнт Зяленскі, яго атачэнне лічаць, што калі яны не будуць усталёўваць прамых кантактаў з Ціханоўскай, гэта дапаможа Лукашэнку не дасылаць беларускіх вайскоўцаў», – кажа Кацярына Глод, экспертка з амерыканскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі.

Еўразвяз можа дазволіць сабе іншы падыход, мяркуе даследніца. І на дыялог з беларускім рэжымам пойдзе толькі пасля істотных саступак з яго боку. Напрыклад, пасля масавага вызвалення палітвязняў.

«Я не думаю, што ў Еўропы, адрозна ад Украіны, будуць стаяць нейкія прагматычныя мэты. Еўропа даказала, што ў дачыненні Беларусі на першым плане стаяць каштоўнасці», – сцвярджае Кацярына Глод.

Святлана Ціханоўская не мае рэальнай улады ў Беларусі, але даносіць да еўрачыноўнікаў інфармацыю пра сітуацыю ў краіне – адзначае Кацярына Глод. Другі важны момант такіх візітаў – утрымліваць беларускае пытанне на еўрапейскім парадку дня.

Валянцін Васіленка, «Белсат»