Спробы прадаць зброю ў Беларусь


Прадаваць зброю ў Беларусь нельга, але магчыма. Паводле расследавання выдання «EUObserver», чэшская фірма «Česká zbrojovka» і славацкая «XXeurope» летась спрабавалі прадаць у Беларусь патроны і боепрыпасы. А венгерская «De Fango» – больш за сто тысячаў вінтовак і пісталетаў. Продаж меў адбывацца праз Малдову.

«Яны кажуць у асноўным пра 20-ты год, і гэта зразумець можна, паколькі гэтыя часы ў Малдове даволі смутныя, там адбываецца ўнутрыпалітычная барацьба, і верагодней за ўсё гэтыя сілы, у тым ліку лукашысты, спрабавалі скарыстацца такой незразумелай сітуацыяй у Малдове, гэтым палітычным перапалохам для таго, каб гэтыя шэрыя і нават чорныя схемы актываваць», – кажа Зміцер Міцкевіч, аналітык праекту «BELARUS SECURITY BLOG».

Міністэрства замежных справаў Малдовы пацвердзіла выпадкі нелегальнага продажу зброі і боепрыпасаў праз гэтую краіну, сцвярджаюць аўтары расследавання.

«Урад спыніў спробу экспарту грамадзянскіх боепрыпасаў у Беларусь. Яны былі канфіскаваныя і цяпер захоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Судовыя органы пачалі расследаванне ў гэтай справе, пасля чаго на мінулым тыдні былі праведзеныя некалькі ператрусаў. Боепрыпасы імпартаваліся з Вугоршчыны, але першапачатковыя вытворцы – Фінляндыя і Швейцарыя», – цытуюць аўтары расследавання адказ МЗС Малдовы.

Упершыню абмежаванні на продаж зброі ў Беларусь Еўразвяз увёў у 2004-м годзе. Эмбарга ж дзее з 2011-га года і ўвесь час працягваецца. Але сведчанні выкарыстання беларускімі сілавікамі заходняй зброі з’яўляюцца таксама ўвесь час. Аскепкі ад чэшскіх святлошумавых гранатаў знаходзілі пасля разгону мірных акцыяў летась пасля выбараў.

«Нядаўнія відэа з камітэтчыкамі, якія ламіліся ў хату да чалавека, і там было бачна, што яны ўсе з заходнім узбраеннем. Адзін з Glock-ам, другі здаецца з SIG-Sauer-ам і трэці таксама невядома з чым, але відавочна тое, што яны не з табельнымі ПМ-амі», – кажа Зміцер Міцкевіч.

Зброю заходняй вытворчасці беларускія сілавікі выкарыстоўвалі ўвесь час, пацвярджае былы афіцэр спецпадраздзялення «Алмаз» Ігар Макар. Толькі алмазаўцы штодня падчас трэнавання выстрэльвалі не менш за 300 патронаў, а падобная зброя выкарыстоўваецца і ў іншых падраздзяленнях.

«Набываліся боепрыпасы ў аўстрыйскіх кампаніях. Калі былі накладзеныя санкцыі на Беларусь, паводле маіх інфарматараў, ніколі не было ніякага недахопу ў патронах да гэтай зброі. Бо закупаліся боепрыпасы праз падстаўныя фірмы, і ніколі не было праблемаў«, – кажа Ігар Макар.

Каб спыніць гэтыя шляхі продажу, трэба прызнаць рэжым тэрарыстычным, мяркуе былы алмазавец.

«Калі рэжым Лукашэнкі прызнаюць тэрарыстычным, я думаю што гэта хутка спыніцца. Зразумела, у Беларусі ёсць брат, Расея, і яны пяройдуць на расейскае ўзбраенне. Але зрабіць гэта будзе вельмі складана, бо тактыка-тэхнічныя характарыстыкі ў еўрапейскай зброі значна лепшыя чым у расейскай. Значна», – кажа Ігар Макар.

Еўропа ж дзее вельмі павольна, адзначае Зміцер Міцкевіч. І чарговыя публікацыі парушэнняў – вынік працы не палітыкаў, а журналістаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»