Падаткі: новыя з'явяцца, старыя вырастуць


50 рублёў на год у Менску, 25 – у рэгіёнах. У сярэднім такую суму заплоцім у якасці гэтак званага падатку на першую кватэру. Паводле міністра фінансаў, меншы падатак у рэгіёнах прастымулюе людзей не з‘язджаць у гарады.

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць што гэта відавочна ніякая не сацыяльная справядлівасць і не сацыяльная палітыка, а проста спроба хоць нейкіх грошай сабраць. Таксама ён называе дзіўным тое, што і грошай ніякіх сур’ёзных сабраць не атрымаецца і кажа, што чуў версію, што гэтую ідэю закінулі для таго, каб выклікаць абурэнне, а потым пайсці насустрач грамадскаму меркаванню і сказаць, што так мы рабіць не будзем.

Чарговыя змяненні ў Падатковы кодэкс – адмена адзінага падатку і спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для ІП. Яе пакінуць толькі для юрыдычных асобаў. Даражэйшымі стануць і пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. На купленае праз інтэрнэт за мяжою нам давядзецца плаціць падатак на дададзеную вартасць. Увесці падатак плануюць з сярэдзіны наступнага года.

«У прынцыпе я лічу, што з пункту гледжання эканамічнай логікі ў гэтым ёсць пэўны сэнс. Таму што ПДВ па свайму сэнсу гэта падатак на канчатковае спажыванне. Ён павінен плаціцца там, дзе спажываюцца гэтыя паслугі і тавары, а не тым, хто вырабляе гэтыя рэчы. Пэўная логіка ў гэтым ёсць. Іншая справа, што далёка не ў самы лепшы час гэты падатак уводзіцца», – кажа эканаміст Сяргей Чалы.

Нашыя эксперты мяркуюць, што прыбыткі дзяржавы ад запланаваных зменаў у падатковы кодэкс будуць мінімальнымі і гэта хутчэй помста дробнаму бізнесу, які падтрымаў леташнія пратэсты.

«Я зрабіў невялікі падлік: вось у нас у краіне прыкладна 9 млн. насельніцтва, – гэта 3 млн. гаспадарак, дзве траціны з іх жывуць у гарадах, – гэта два млн. гаспадарак. У сярэднім людзям трэба заплаціць 50 рублёў. Усё гэта разам дае 100 млн рублёў, гэта каля 40 млн долараў. Гэта неістотна для бюджэту. Усё гэта датычыцца і іншых такіх навэл з іншымі падаткамі, гэта таксама дробязі», – лічыць эканаміст Леў Марголін.

Плануецца падвысіць падатак і на перавышэнне расходаў над даходамі фізічных асобаў, падвысіць стаўкі зямельнага падатку на нерухомасць, стаўкі ад прыбытковага падатку з фізічных асобаў, якія здаюць у арэнду жыллё, гаражы, машына-месцы. Акцызы на алкаголь і цыгарэты з наступнага года таксама падаражэюць.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»