У Вільні запусцілі праект псіхалагічнай дапамогі беларусам


У Вільні пачала сваю працу псіхалагічная служба для беларусаў у межах праекту «Дактары за мір і справядлівасць». За першы месяц па дапамогу звярнуліся каля сарака дарослых і трыццаці дзяцей.

«Мне падаецца, сярод тых невялікіх плюсаў, якія мы набылі як нацыя пасля падзеяў леташняга жніўня, ёсць той, што мы – беларусы – пачалі ўсведамляць, што псіхалагічная дапамога павінна быць не ўдома з блізкімі, а аказвацца прафесійна», кажа псіхолаг і стваральніца праекту Вольга Вялічка.

«Кожны народ, кожная нацыя рана ці позна сутыкаецца з тым, што ў выніку яе змяняе. І гэта назаўсёды», – лічыць Вольга Вялічка. Таму нельга баяцца ісці да псіхолага. Сярод тых, хто звярнуўся па дапамогу, амаль ва ўсіх назіраецца посттраўматычны сіндром. Не менш патрэбная дапамога і сваякам тых, хто цяпер за кратамі або пад пераследам.

«У тых невялікіх інтэрв’ю, якія мы можам прачытаць дзякуючы незалежным СМІ, відаць, што людзі выходзяць у цяжкім псіхалагічным стане. І тое, што сёння людзі вымушаныя самыя шукаць сабе дапамогу, сістэмна няправільна», – лічыць Вольга Вялічка.

Сузаснавальнік праекту Васіль Завадскі як псіхіятр некалі меў досвед працы ў турмах. Ён лічыць, што неабходна развіваць гэты кірунак і далей.

«Ёсць свае цяжкасці: мы не можам працаваць непасрэдна ў месцах пазбаўлення волі, а для вязняў, скажам, інтэрнэт-паслугі недасяжныя. Але, значыць, будзем працаваць са сваякамі, блізкімі, спрабаваць нейкія іншыя спосабы. Будзем працаваць у гэтым кірунку», – кажа праваабаронца і сузаснавальнік праекту Васіль Завадскі.

Акрамя індывідуальных і групавых заняткаў, праект займаецца асветніцкай дзейнасцю: трэнінгі, семінары, лекцыі. Усё на ўмовах ананімнасці пры Беларускім цэнтры супольнасці і культуры ў Вільні. Дарэчы, цэнтр ладзіць і шмат іншых тэрапеўтычных праектаў, напрыклад, творчыя выставы.

«Мне даволі цікава, як можна гэтыя псіхалагічныя праблемы… не вырашаць іх, канечне, але працаваць з імі праз культурнае поле таксама, праз спадчыну», – лічыць Паўліна Вітушчанка з Віленскага Беларускага музею імя Івана Луцкевіча.

У псіхалагічнага праекту неўзабаве будуць інтэрнэт-старонка і сацсеткі. А пакуль што ўсю інфармацыю можна атрымаць праз тэлефон: +37060853255.

Надзея Бельская, «Белсат»