План «Перамога» на літоўска-беларускай мяжы


У намётавым мястэчку на літоўска-беларускай мяжы ў Мядзінінкай з’явіўся інфармацыйны банер плану «Перамога». Такім чынам беларуская дыяспара ў Літве хоча змабілізаваць больш прыхільнікаў дэмакратычных і мірных пераменаў у Беларусі.

«Беларусы Літвы, Вільні вырашылі арганізаваць талаку, менавіта ў гэтым намётавым мястэчку, каб даць надзею для беларусаў у Беларусі. Таксама каб павіншаваць Святлану Георгіеўну, падтрымаць яе план, які прапанаваў яе офіс разам з нашай альтэрнатыўнай паліцыяй – ініцыятывай ByPol», – патлумачыў сузаснавальнік намётавага мястэчка Віталь Алейнік.

Мабілізацыйны план «Перамога» створаны ініцыятывай былых міліцыянтаў і следчых «ByPol» паводле даручэння Святланы Ціханоўскай. Яго мэта – аднавіць законнасць і правапарадак у Беларусі шляхам мірнай перадачы ўлады народу. Каб даведацца больш, дастаткова прасканаваць гэты лічбавы код.

«Папросту ўзяць у рукі такі тэлефон, яго ўключыць, уключыць камеру, скіраваць на банер, і з дапамогай QR-коду далучыцца да плану, і мяняць жыццё ў кірунку які лічаць патрэбным», – кажа Віталь Алейнік.

Памежны лагер у літоўскім Мядзінінкай пашырае інфармацыю пра падзеі ў Беларусі – фальсіфікацыю выбараў і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсіяў супраць мірных пратэстоўцаў.

«Шмат хто не ведае, што адбываецца на тым баку. Яны думаюць, што там усё прыгожа, як паказана на Гебельс-ТВ», – абураецца актывіст «Космас», які жыве ў намётавым мястэчку ад чэрвеня.

Намётавае мястэчка стаіць на мяжы з Беларуссю больш за 3 месяцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»