З'явіўся новы законапраект аб парадку выезду і ўезду для грамадзянаў Беларусі


З’ехаць з краіны змогуць не ўсе. Згодна з новым законапраектам аб парадку выезду і заезду ў краіну для беларусаў, неўзабаве супрацоўнікам сілавых структураў давядзецца прасіць дазволу ў кіраўніцтва, каб нават часова пакінуць Беларусь. Гэта вайскоўцы, супрацоўнікі службы бяспекі так званага прэзідэнта, работнікі следчага камітэту, органаў унутраных справаў і нават ратавальнікі. Зрэшты, працуюць гэтыя правілы ўжо даўно – проста раней яны насілі ўнутрыведамасны характар. А цяпер гэта хочуць зрабіць агульнадзяржаўным законам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ніводзін супрацоўнік органаў унутраных справаў, супрацоўнік органаў дзяржбяспекі не мог выехаць не тое што за межы краіны – за межы свайго раёну – без дазволу кіраўніцтва. Усе супрацоўнікі органаў унутраных справаў застаюцца на службе 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень», – кажа прадстаўнік ByPol Алег Талерчык.

Атрымаць такі дазвол раней было даволі проста – само па сабе прашэнне насіла хутчэй фармальны характар. Аднак накладала на сілавікоў пэўныя дадатковыя абавязкі.

«Супрацоўнікі па прыездзе з замежжа давалі абавязак, што будуць праходзіць паліграф. Акрамя таго, ты мусіў пазначыць маршрут свайго руху да канчатковай мэты адпачынку ці турызму. І калі ён пралягаў па «недружалюбных краінах», гэты маршрут табе маглі не зацвердзіць ці запатрабаваць яго змяніць», – дадаў прадстаўнік ByPol Алег Талерчык.

Куды складаней выехаць з Беларусі сілавікам, якія публічна выказаліся супраць рэжыму Лукашэнкі. Адным з першых такіх быў колішні следчы і стваральнік арганізацыі ByPol Андрэй Астаповіч. Звольніўся ў жніўні 2020-га і хацеў з’ехаць у Латвію праз Расею. Але ў Пскове быў затрыманы мясцовай паліцыяй і дэпартаваны назад у Беларусь. Канкрэтнай прычыны дэпартацыі Андрэю так і не назвалі.

«Яны рвалі пратаколы, мянялі версіі і ў выніку мне далі проста адзіную паперу аб забароне заезду. Пратакол яны, здаецца, так і не склалі. То бок, адміністратыўнага парушэння ў мяне так і не было», – кажа Андрэй Астаповіч.

Новы закон абмяжуе выезд не толькі для сілавікоў, але і для праціўнікаў рэжыму. Вызначаць, каму можна з’ехаць, каму – не, будзе КДБ. Пад абмежаванні трапяць тыя, хто стаіць на прафілактычным уліку, і тыя, чый выезд супярэчыць – цытата – «інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Адназначна забаронены будзе выезд тым, у дачыненні каго вядзецца адміністратыўны працэс паводле так званых палітычных артыкулаў: непадпарадкаванне службовай асобе, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.

«Парушае артыкулы любой з версіяў Канстытуцыі 1994, 1996, 2000, 2022 гадоў. Больш за тое, нават калі ўявіць сабе, што прымецца на якім-небудзь рэферэндуме Канстытуцыя, якая будзе дазваляць такое права, то гэта ўсё роўна будзе супярэчыць прынцыпам міжнароднага права, на якое Беларусь мусіць абапірацца хаця б таму, што ёсць чальцом ААН», – заявіў юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Разгляд новага праекту пачнецца толькі ў верасні. У двух чытаннях яго мусіць прыняць Палата прадстаўнікоў, затым ухваліць Савет Рэспублікі. І пасля гэтага яго мае падпісаць Лукашэнка. У дачыненні сілавікоў закон пачне працаваць праз два месяцы пасля падпісання, да астатніх беларусаў – у той жа дзень.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»