У Беларусі зноў загаварылі пра магчымае павышэнне падаткаў для прадпрымальнікаў


Навошта дзяржава дабівае прадпрымальнікаў? І як яны будуць выжываць у такіх умовах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Індывідуальных прадпрымальнікаў могуць прымусіць плаціць у бюджэт яшчэ болей. Гэта вынікае з заявы намесніка міністра падаткаў і збораў Ігара Скрыннікава.

«Зараз да нас будзе прыходзіць падатковая справаздачнасць, мы будзем паводле вынікаў паўгоддзя аналізаваць даходы, мы будзем аналізаваць узровень падатковай нагрузкі. І ў выніку аналізу мы будзем уносіць зноў жа нейкія прапановы на прадмет магчымага павелічэння падатковай нагрузкі», – сказаў чыноўнік.

Папярэднія змены ў падатковым заканадаўстве адбыліся зусім нядаўна. З першага студзеня большасці іпэшнікаў забаранілі плаціць падаткі паводле спрошчанай сістэмы. Замест пяці адсоткаў ад выручкі цяпер даводзіцца плаціць адпрыбытковы падатак – для большасці гэта шаснаццаць адсоткаў. Змены найперш ударылі па тых, хто займаецца аказаннем паслугаў. Яны сталі плаціць болей. Бізнесмен Аляксандр Кныровіч мяркуе, што ўладам проста не хапае грошай.

«Я б не бачыў у гэтым нейкую надта складаную палітыку. Каб весці палітыку, трэба мець сур’ёзны інтэлектуальны патэнцыял, якога ў цяперашнім урадзе і падатковых органах няма. Гэта проста спроба трохі, яшчэ крышачку, выціснуць з ужо напаўмёртвага “коціка” – і нічога болей», – кажа бізнесмен.

Выціснуць грошы з іпэшнікаў, падобна, удалося. Летась удзельная вага іхных падаткаў у бюджэтных паступленнях складала два цэлыя і тры дзясятыя адсотка. Сёлета яна павялічылася да больш як трох адсоткаў. У грашовым эквіваленце іпэшнікі заплацілі амаль на трыццаць пяць адсоткаў болей, чым год таму. Пры гэтым саміх прадпрымальнікаў паменела. Паводле Савету развіцця прадпрымальніцтва, з пачатку года больш за дзве тысячы іпэшнікаў згарнулі дзейнасць. На думку беларускага прадпрымальніка Сяргея, які перанёс свой бізнес у Польшчу, людзі закрываюць ІП не толькі праз высокія падаткі. Галоўная праблема – цяжкая эканамічная сітуацыя ў краіне і, адпаведна, нізкая платаздольнасць беларусаў.

«Нам няма з чаго рабіць грошы. Я з радасцю плаціў бы падаткі максімальныя, як у ЗША, дзе маю знаёмых. Так, у іх там падаткі вялікія, але ў іх прыбытковасць абсалютна іншая. Не так, як у Беларусі. Тут мы вылічваем з капеек, што мы зарабілі, нам даводзіцца яшчэ аддаваць дзяржаве. З таго мінімуму, што мы зарабілі самастойна, сваімі мазгамі, сваім розумам, сваёй працай», – тлумачыць Сяргей.

Закрываюцца не толькі іпэшнікі, але і невялікія фірмы. Ад пачатку года іх стала на чатыры тысячы меней. Паўстае пытанне: куды пойдуць людзі, якія страцілі бізнес або засталіся без работы? Сітуацыя на беларускім рынку працы крытычная. Паводле газеты «Беларусы і рынак», на адну вакансію прыходзіцца дзевяць рэзюмэ. Дзяржаўны сектар, на думку Аляксандра Кныровіча, прыняць учорашніх прадпрымальнікаў і працаўнікоў малых камерцыйных арганізацыяў не здольны.

«Сёння ў нас дзяржпрадпрыемствы ў стагнацыі. Сёння ў нас 11 % падзенне прамысловай вытворчасці. У нас 8 % у траўні падзенне ВУП. Таму новых працоўных месцаў на прадпрыемствах відавочна не з’явіцца. Адпаведна, у чалавека застаюцца два варыянты: або з’язджаць – або ісці кудысь у шэры сектар эканомікі. Напрыклад, працаваць таксістам, як гэта раней было. Або рабіць іншыя дзеянні, што застаюцца па-за полем зроку падатковых службаў», – прагназуе Аляксандр Кныровіч.

На эміграцыю наважацца далёка не ўсе, мяркуе бізнесмен. Таму ў Беларусі найбліжэйшым часам будзе развівацца шэры сектар эканомікі. А бюджэт папросту страціць падаткі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»