Андрыян Прокіп: «Расея ў адкрытую спрабуе маніпуляваць на рынку газу Еўразвязу»


Нямецкая прамысловасць скарачае спажыванне газу на 10%, урад уводзіць праграму ашчаджэння, пастаўляльнікі энергіі рыхтуюць падвышэнне цэнаў і аварыйныя планы пераключэння на іншыя крыніцы. Так Нямеччына рэагуе на прафілактычныя працы на трубаправодзе «Паўночная плынь-1» расейскімі ўладамі. Бо праз іншыя трубаправоды Крэмль паставак не павялічыў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы атрымліваем вельмі розныя сігналы з Расеі. Крамлёўскі прэс-сакратар заяўляе, што з газавай турбінай Сіменса яны змогуць зноўку нарасціць пастаўкі. Але таксама ёсць вельмі ваяўнічыя заявы з Крамля», – распавёў кіраўнік Федэральнага агенцтва сетак Кляўс Мюлер.

Яшчэ ў чэрвені «Газпром» скараціў перапампоўванне газу праз «Паўночную плынь-1» да 40% з нагоды таго, што для працы ім тэрмінова патрэбная адмысловая турбіна фірмы «Сімэнс», што захрасла ў Канадзе з прычыны антываенных санкцыяў. Канадцы ў якасці выключэння пагадзіліся яе выдаць. ЗША таксама не супраць, але абяцаюць памагчы еўрапейцам танкерамі са звадкаваным газам. Гэта кароткатэрміновы вынік расейскага шантажу, мяркуюць эксперты.

«Расея ў адкрытую спрабуе маніпуляваць на рынку газу Еўразвязу. Спрабуе дамагчыся адразу некалькіх мэтаў», – тлумачыць Андрыян Прокіп, эксперт Інстытуту будучыні, Украіна.

Фінансавая мэта: стварыць паніку на рынку і задраць цэны на газ, каб захаваць выручку ад астатніх паставак. Палітычная – і асноўная – мэта: прымусіць грамадзянаў Еўразвязу і еўрапейскі бізнес баяцца зімы. Тады, паводле Крамля, еўрапейцы прымусяць сваіх палітыкаў пайсці на саступкі Пуціну. Ужо не ў пытанні запуску газаправоду «Паўночная плынь-2», а ў пытанні Украіны.

«Калі Расея цалкам перакрые газ, у нас будзе жорсткая рэцэсія, а значыць, эканамічны спад прыкладна на 5 %. Гэта амаль як рэцэсія нямецкай гаспадаркі падчас фінансава-эканамічнага крызісу 2008–2009 гадоў», – прагназуе нямецкі аналітык энергетыкі Крыс-Олівэр Шыкентанц.

Цяпер пастаўкі расейскага газу ў Еўропу мінімальныя, таму пад пагрозай гаспадарка ўсяго Еўразвязу. У панядзелак у Бруселі сабралася Еўрагрупа, каб абмеркаваць сумесныя дзеянні Цэнтрабанку і ўсіх дзяржаваў Аб’яднанай Еўропы.

«Перадусім інфляцыю паднімаюць высокія цэны энергіі, магчыма, цэны на выкапнёвае паліва. Але мы бачым і іншыя чыннікі – высокія цэны на харчы, далейшыя збоі ў ланцугах паставак», – заявіў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Валдыс Дамброўскіс.

Залежнасць ад Расеі – гэта вынік папярэдніх памылак, прызнаў нямецкі міністр гаспадаркі. У Празе ён падпісваў пагадненне аб нямецка-чэшскай газавай бяспецы і ўзаемадапамозе.

«Калі ў нас атрымаецца, да канца года мы пабудуем у Нямеччыне 2 плывучыя тэрміналы звадкаванага газу. Мы хочам дзеяць вельмі хутка, каб мець у будучыні магчымасць імпартаваць газ у дзяржавы Еўропы і ў Чэхію ў прыватнасці», – паабяцаў Робэрт Хабэк.

Не будзе так, што нейкая дзяржава Еўразвязу ўзімку застанецца без газу, падкрэсліў чэшскі міністр прамысловасці.

«Перадусім нам трэба захаваць еднасць Еўразвязу, каб разам супрацьстаяць расейскаму дыктатару. І ўмова захавання гэтага адзінства – узаемная салідарнасць у Еўразвязе. Я бачу гатовасць з боку тых дзяржаваў, якіх менш закранула расейская энергетычная вайна, дапамагчы тым, хто найбольш залежыць ад расейскіх энерганосьбітаў», – падкрэсліў Ёзэф Сікела.

Напрыклад, урад Іспаніі разам з энергетыкамі, прафсаюзамі і бізнесам рыхтуе аварыйны план ашчаджэння газу і электрычнасці ад верасня. Першая задача – знізіць спажыванне самога газу.

«Другі блок пытанняў: што ў нас узаемазамяняльнае? Ці зможам мы замяніць газ іншымі відамі паліва, ці зможам хутчэй правесці электрыфікацыю, ці можам правесці больш амбітную праграму пераходу на аднаўляльныя крыніцы энергіі?» – распавяла віцэ-прэмʼер Іспаніі Тэрэса Рыбэра.

І трэці блок: як падзяліцца з суседзямі па Еўразвязе.

Атрымліваецца, што ў доўгатэрміновай перспектыве Крэмль сам прымушае Еўразвяз паскорыць праграмы замены расейскіх энерганосьбітаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»