Роўмінг паміж Беларуссю і Расеяй нарэшце адменяць?


Гісторыя пра адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй працягваецца. Пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой заявіў: скасаванне адбудзецца сёлета ў снежні, яго прымяркуюць да 25-годдзя падпісання Саюзнай дамовы. Пакуль адмянілі толькі плату за ўваходныя званкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Але грамадзяне таксама сутыкаюцца з праблемай дарагоўлі выходных званкоў і інтэрнэт-трафіку, бо ўсе карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, мэсэнджарамі і навігатарамі. Як высветлілі нашыя аператары, гэта тры асноўныя функцыі, на якія выдаткоўваецца трафік», – заявіў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.

Аднак пасля скасавання роўмінгу тарыфы безлімітнымі не будуць. За арыенцір узялі звесткі Міжнароднага звязу электрасувязі, паводле якіх у сярэднім абанент у роўмінгу выкарыстоўвае не больш за 300 хвілінаў званкоў і 25 гігабайтаў інтэрнэт-трафіку на месяц. За перарасход, нягледзячы на заявы палітыкаў і чыноўнікаў, прыйдзецца заплаціць.

«Яны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў даюць даручэнні, але ніхто не можа выканаць загад столькі гадоў! Гэта рэальны сімвал Саюзнай дзяржавы», – лічыць палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Пастанову адмяніць роўмінг паміж Расеяй і Беларуссю Найвышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы прыняў яшчэ ў чэрвені 2017 года. Больш чым за сем гадоў пытанне так і не развязалі.

Будынак аператара сотавай сувязі МТС. Менск, Беларусь, 6 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Тое, што зараз яны даручылі да снежня адмяніць роўмінг, не азначае, што яго адменяць. Таму што галоўны праціўнік гэтай ідэі – беларускі ўрад, які з’яўляецца ўладальнікам больш за 50 % кампаніі МТС, якая шмат зарабляе на гэтым самым роўмінгу», – распавёў вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Пакуль жа мабільны аператар «А1» за званок з Расеі ў Беларусь патрабуе 28 капеек. На ўваходны выклік даюць40 бясплатных хвілінаў на месяц, пасля чаго прыйдзецца заплаціць 12 капеек за хвіліну. За СМС-паведамленне трэба аддаць 7 капеек, а за выкарыстанне аднаго мегабайта інтэрнэту возьмуць больш за 4 рублі.

«Канкрэтную простую праблему, якую ў Еўразвязе 26-27 дзяржаваў вырашылі на раз, вось гэтыя 2 нібыта блізкія дзяржавы выканаць не могуць», – дадаў Віталь Цыганкоў.

У межах Еўразвязу кошт мабільнага інтэрнэту застаецца аднолькавым у любой з краінаў, а плату за роўмінг адмянілі акурат у чэрвені 2017 года.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»