Польшча стварае буферную зону на мяжы Беларуссю


Улады Польшчы пастанавілі стварыць з 13 чэрвеня буферную зону на мяжы з Беларуссю. У яе ўвойдзе ўчастак працягласцю каля 60 кіламетраў і глыбінёю каля 200 метраў. Абмежаванні звязаныя са смерцю польскага вайскоўца, забітага на мяжы мігрантамі. Польшча абвясціла, што мае фота мужчыны, ахвяраю якога стаўся жаўнер Матэўш Сітэк. Асобу забойцы цяпер высвятляюць польскія следчыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рэспубліка Польшча зробіць усё і не супакоіцца, пакуль не будзе схоплены бандыт, які па-бандыцку, па-звярынаму здзейсніў смяротны напад на польскага жаўнера», – паабяцаў міністр нацыянальнае абароны Владыслаў КасінякКамыш.

А ягоны намеснік Цэзары Томчык дадаў:

«Затрыманне забойцы – мэта нумар адзін для дзяржаўных органаў, каб гарантаваць бяспеку нашых службоўцаў. І дзяржаўныя органы цяпер канцэнтруюць на гэтым усе свае сілы».

І з гэтаю ж мэтаю Польшча прапанавала Лукашэнку выдаць падазраванага ў забойстве польскага службоўца. Але якога-кольвек уцямнага адказу не атрымала.

«Гэта мэтанакіраваная эскалацыя, – упэўнены журналіст польскай газеты «Rzeczpospolita» Руслан Шошын. – І пытанне сёння паўстае таксама перад польскім урадам: што рабіць, калі будуць нейкія наступныя крокі з боку рэжыму Лукашэнкі. Калі адзін з людзей, засланых на мяжу, выцягне, напрыклад, зброю».

Польскае заканадаўства забараняе ахоўнікам мяжы ўжываць зброю. За гэта службоўцам пагражае пакаранне. Такі несправядлівы дысананс выклікаў гарачыя спрэчкі як ва ўладзе, так і сярод грамадзянаў Польшчы. Паводле газеты «Rzeczpospolita», 86 % палякаў мяркуюць, што абаронцаў краіны трэба ўзброіць належным чынам. Тое ж паказала і апытанне «Белсату» на вуліцах Варшавы:

«У паліцыі ёсць спецсродкі, нейкая агнястрэльная зброя. Ну, не ведаю. Можа і на мяжы трэба гэта ўжываць?»

«Трэба ўрэгуляваць юрыдычны статус ужывання сродкаў прымусовага спынення падчас парушэння мяжы. Трэба вызначыць, у якіх канкрэтна выпадках зброю можна ўжываць, каб пазбегчы спрэчных сітуацыяў у Памежнай ахове».

Праблему беларуска-польскага памежжа абмяркоўвала напярэдадні ў Беластоку Рада нацыянальнай бяспекі Польшчы. Раней там жа адбылося выязное паседжанне ўраду. Казалі, што атакі мігрантаў робяцца ўсё больш частымі ды агрэсіўнымі. Прэм’ер-міністр Дональд Туск нагадаў, што Беларусь мяжуе не толькі з Польшчаю.

«Гэтая пагроза датычыць і іншых краінаў. Напрыклад, Нямеччыны ў кантэксце футбольнага Еўра. Прэзідэнт Макрон таксама напярэдадні Алімпіяды штодня атрымлівае звесткі аб магчымых дыверсіях, рыхтаваных Расеяй падчас спартовых імпрэзаў».

Па словах кіраўніка абʼяднання «BYPOL» Аляксандра Азарава, баевікоў рыхтуюць да дыверсіяў у менскім раёне Уручча, на базе вучэбнага цэнтру «Дынама».

«Спецназ памежных войскаў АСАМ, яго інструктары трэнуюць гэтых мігрантаў: як правільна праходзіць мяжу, як ламаць плот, як ісці незаўважна ў лесе ўначы, як арыентавацца з компасам або паводле зорак. І таксама навучаюць яны, як працаваць з выбуховымі рэчывамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежнікі на польская мыжы.
Фота: gov.pl

Аляксандр Азараў падкрэсліў, што забойца Матэўша Сітэка трэнаваўся менавіта ў згаданым цэнтры ва Уруччы. Там жа рыхтавалі і дыверсію з мінаваннем польскае мяжы.

«Проціпяхотныя міны, якія называюцца “Лепесток”, часоў яшчэ СССР. Гэтыя міны ляжалі на складах акурат з маркіроўкай Польшчы. Яны былі ў тыя часы скіраваныя ў Польшчу. Вось мігранты павінны былі гэтыя міны раскідаць на тым баку мяжы, на польскім, каб нехта падарваўся».

Ахвяраю гэткай акцыі мог стацца польскі памежнік. Або мігрант, які не ведаў бы пра мінаванне. Але дыверсанты з трыма дзясяткамі «Лепестков» не здолелі перайсці мяжы, дадаў кіраўнік «BYPOL».

Акурат для ўмацавання сваіх межаў і абароны ўсёй Еўропы ўрад Польшчы пастанавіў стварыць буферную зону. У яе не ўвойдуць населеныя пункты і турыстычныя маршруты, каб наступствы ўведзеных абмежаванняў былі як мага менш цяжкімі для жыхароў памежжа.

Марына Яновіч, «Белсат»