Крэмль прыцягнуў беларусаў да ядравых вучэнняў


Распачаўся другі этап вучэнняў нестратэгічных ядравых сілаў Расеі. Дзе менавіта праходзяць вучэнні, незразумела, але ў іх як быццам бяруць удзел беларускія войскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння мы ўжо дзейнічаем на апярэджанне, планава павышаючы гатовасць да ўжывання так званай зброі адплаты», – справаздачыцца міністр абароны Віктар Хрэнін.

Як справаздачыцца Міністэрства абароны Расеі, падчас вучэнняў адпрацуюць пытанні сумеснай падрыхтоўкі частак Узброеных сілаў Расеі і Беларусі да баявога ўжывання нестратэгічнай ядравай зброі. Адметна, што лукашэнкаўскае абароннае ведамства, як і прапагандысты, інфармацыі пра вучэнні не дае. Выключэнне – Віктар Хрэнін:

«Выдатная магчымасць на справе ацаніце ўзровень падрыхтоўкі ўзброеных сілаў да забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны рэспублікі Беларусь».

«Пра ядравыя вучэнні беларуская прапаганда асабліва казаць не будзе, таму што гэта непапулярна, таму і важна даносіць гэтую праўду да беларусаў, – разважае каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка. – Вось такую пагрозу для беларусаў стварыў Лукашэнка, вось так ён выкарыстоўвае беларусаў як жывы шчыт, як разменную манету ў крамлёўскай ядравай гульні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кадр са спаборніцтваў беларускіх ССА.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Між тым, вучэнні праходзяць на фоне падвышэння градусу ядравай рыторыкі з боку Расеі. Намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Рабкоў дапусціў перагляд ядравай дактрыны краіны «ў выніку эскалацыйных дзеянняў ЗША і іх хаўруснікаў з NATO».

«Расейскія вучэнні з ядравай зброяй з выкарыстаннем Беларусі – гэта рэакцыя на магчымае размяшчэнне заходніх вайскоўцаў ва Украіне, – мяркуе аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса. – Расейцы спрабуюць напужаць заходняе грамадства асабліва цяпер, на фоне выбараў, якія плануюцца ў парламент Францыі літаральна праз некалькі тыдняў».

Сёлета ў траўні ва Узброеных сілах Беларусі прайшло раптоўнае правяранне гатовасці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядравай зброі. Вайскоўцы традыцыйна справаздачыліся пра яго паспяховасць. Зрэшты, засталося шмат пытанняў.

«Месяц таму нам паказалі як самалёты возяць балванкі. “Іскандэраў” не паказалі, нічога больш не паказалі, і вось цяпер ёсць заява Хрэніна. Таму я не бачу ніякай падставы сцвярджаць адназначна, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ядравая зброя, і што беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у вучэннях расейскіх па выкарыстанні гэтай ядравай зброі», – кажа Сяргей Пеляса.

Колькі менавіта працягнуцца цяперашнія вучэнні з расейскаю тактычнай ядравай зброяй, не паведамляецца. Пытанне аб ступені ўцягнутасці беларускіх вайскоўцаў таксама застаецца адкрытым.

Ян Федаровіч, «Белсат»