«Вы пераможаце ў гэтай зверскай вайне!» Украіна патрабуе дапамогі саюзнікаў


Украіна ўжо ў чэрвені атрымае нямецкія самаходныя гаўбіцы калібру 155 мм. Пра гэта паведаміў украінскі амбасадар у Берліне Андрэй Мельнік. І толькі потым немцы перададуць абяцаныя цяжкія зеніткі «Гепард». Сёння перадусім артылерыя патрэбная ўкраінскім вайскоўцам, каб супрацьстаяць расейцам у Данецкай і Луганскай вобласцях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Кіеве малая верагоднасць расейскага дэсанту, але старшыня Еўракамісіі была ў суправаджэнні ўзброенай аховы. Пра візіт не паведамлялі загадзя.

«Цяпер вырашальны час не толькі для Украіны, але і для Еўразвязу, і для ўсяго еўрапейскага кантыненту. Менавіта цяпер вызначаецца будучыня Аб’яднанай Еўропы і ці будзе тая будучыня ўвогуле. Расея хоча зруйнаваць еўрапейскую еднасць, хоча пакінуць Еўропу расколатай і слабой», – зачытаў прамову Уладзімір Зяленскі.

Як заявіла Урзуля фон дэр Ляен па выніках перамоваў з Уладзімірам Зяленскім, Еўракамісія ўжо да канца наступнага тыдня вызначыцца, ці можа Украіна атрымаць статус дзяржавы-кандыдата ў Еўразвяз, і прадставіць афіцыйную ацэнку на заяўку. Цяпер Еўракамісія рыхтуе адпаведныя рэкамендацыі для дзяржаваў Абʼяднанай Еўропы.

«Шлях вядомы, і гэта шлях наперад, заснаваны на ўчынках. Народ Украіны паказаў неймаверную моц, матываванасць і стойкасць. Я глыбока перакананая, што мы будзем разам, што вы пераможаце ў гэтай жахлівай зверскай вайне. Мы разам будзем адбудоўваць гэтую прыгожую краіну, мадэрнізаваць Украіну, і мы будзем на вашым баку. Слава Украіне!» – заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

Таксама старшыня Еўракамісіі наведала ўкраінскіх вайскоўцаў у шпіталі. Колькасць параненых і забітых расце штодня. Сёння расейскія войскі абстралялі прадмесці Мікалаева з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Ураган» – загінуў адзін мірны жыхар.

«Думаю, і гэтую вайну перажыву»

«Расейцы ўжо былі ў ваколіцах гораду, але былі своечасова збудаваныя абарончыя рубяжы, была і стратэгія. Мы іх спачатку выкінулі за межы гораду, а потым выштурхнулі да адміністратыўнай мяжы Херсоншчыны», – тлумачыць журналістам мікалаеўскі баец ЗСУ Дмытро.

Украінцы ўзводзяць новыя ўмацаванні пад Мікалаевам. Эвакуявацца з раёну сутыкнення з расейцамі хочуць не ўсе. Вось што кажуць жыхары вёскі Шаўчэнкава:

«Мы засталіся, бо спадзяваліся, што вось-вось іх адсюль папруць, а мы як жылі, так і будзем жыць. Так можа не атрымаецца, бо ўсё пабомбленае. Але паспрабуем штосьці адрамантаваць».

«Я перажыла першую вайну. Мне было 4 гады. Вайна ішла, і я расла. Думаю, я і гэтую вайну перажыву».

Адбываецца контрнаступ Збройных сілаў Украіны з Мікалаеўскай у Херсонскую вобласць. Вядома пра вызваленне вёскі Таўрыйскае. На паўднёвым кірунку ўкраінскія верталёты Мі-8 нанеслі ўдар па згуртаванні праціўніка. Там жа ўкраінскай артылерыяй знішчаная група расейскіх дэсантнікаў і прынамсі 11 адзінак тэхнікі.

На Усходзе вострыя вулічныя баі адбываюцца ў Севераданецку Луганскай вобласці. У суседнім Лісічанску паліцыянты развозяць гуманітарную дапамогу.

«Цяпер паліцыя Луганшчыны падчас патрулявання будзе выдаваць гуманітарную дапамогу, харчовыя наборы, жыхарам аддаленых раёнаў каля шклозаводу», – распавядае на відэа ўкраінскі паліцыянт.

Гэта рызыкоўная аперацыя, і часу няшмат, таму байцы паліцыі аддаюць скрынкі з харчовымі наборамі жыхарам падʼездаў, каб яны размеркавалі ежу між сабой самі.

Вось што кажуць жыхары Лісічанску:

«Хлопцы, мы вам так удзячныя, што вы нас не забылі, што прыехалі і паліцыянты, і вайскоўцы. Цяпер хоць штосьці паямо».

«Дзякуй вялікі, бо ў крамах нічога няма, і грошай няма».

«На Данецкім і Луганскім кірунках адбіта 14 атак»

У Генштабе ЗСУ паведамляюць, што расейцы нанеслі ўдар з цяжкай агнямётнай сістэмы «Солнцепёк» па пасёлку гарадскога тыпу Урубаўка Луганскай вобласці. А потым абстралялі Урубаўку рэактыўнымі снарадамі тэрмітнага тыпу. Падобна, пасёлак перастаў існаваць.

«Абаронцамі Украіны на Данецкім і Луганскім кірунках адбіта 14 атак ворага. Знішчаныя 4 танкі, 2 артылерыйскія сістэмы, 11 баявых браняваных машын, 3 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі і склад з боепрыпасамі праціўніка. Падраздзяленні паветранай абароны збілі 4 беспілотныя лятальныя апараты тыпу Арлан-10», – паведаміў прадстаўнік Генштабу ЗСУ Аляксандр Штупун.

Сёння ж Генштаб ЗСУ паказаў, як збіваюць гэтыя беспілотнікі з дапамогай брытанскіх пераносных зенітна-ракетных комплексаў. Менавіта з беспілотнікаў тыпу »Арлан« расейцы карэктуюць артылерыйскія і ракетныя ўдары.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»