«Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Чыноўнікі зладзілі сотні турыстычных акцый для беларусаў, але толькі на паперы


«Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Акцыю пад такой прыгожай назваю прыдумалі ў міністэрстве спорту і турызму ды ў нацыянальным агенцтве па турызму. На ўвесь гэты тыдзень – ад панядзелка і да нядзелі амаль 500 турыстычных аб’ектаў па ўсёй краіне расхінулі свае дзверы перад ахвотнымі пераканацца, што ў Беларусі ёсць дзе разнастайна адпачываць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва турызму змясцілі велізарныя спісы ўдзельнікаў акцыі – музеі, аграэкасядзібы, гатэлі, санаторыі, кавярні, рэстарацыі, паркі і заказнікі, мастацкія і карцінныя галерэі, вытворчыя прадпрыемствы, спартовыя ўстановы і многія іншыя:

«Гасцей чакае насычаная праграма: бясплатныя экскурсіі і квэсты, дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, дэгустацыі страваў нацыянальнай кухні, прэзентацыі паслуг і спецыяльныя прапановы. Убаку не застанецца ні адзін раён, таму абсалютна кожны жыхар Беларусі, фактычна не пакідаючы родных месцаў, зможа па-новаму ацаніць іх турыстычны патэнцыял».

Ці скарысталіся беларусы з такой прапановы? – запыталіся мы ў гледачоў «Белсату».

Жыхарка Менску нам распавяла, што «Мемарыяльны музей-майстэрня Азгура» у сераду ладзіў бясплатную экскурсію, на якую акрамя яе ніхто… не прыйшоў. Не хутка назбіралася і група ахвотных пракаціцца на цеплаходзе па Камсамольскім возеры, напярэдадні а 8-й увечары такое задавальненне можна было атрымаць бясплатна.

«Гэтая акцыя – нейкая таямніца»

Але большасць гледачоў нам распавялі, што хацелі, але не змаглі трапіць на бясплатныя экскурсіі, майстар-класы ды іншыя адмысловыя акцыі, распісаныя Міністэрствам спорту і турызму:

«У нацыянальным музеі меўся быць вольны ўваход. Але на сайце музею інфы пра гэта я не знайшла».

«Шмат якія ўстановы спрабуюць адцярэбіцца і рабіць нешта на мінімалках. Палац Румянцавых-Паскевічаў экскурсіі ладзіў, але вельмі кароткія і толькі калі набіраецца група па папярэдніх заяўках. Адсачыць гэта было складана».

«Цікава, што гэтая акцыя – нейкая таямніца. Ніхто не ведае».

«Як бясплатна!? Не!..»

Чаму акцыя ідзе цэлы тыдзень, а пра яе не ведаюць? Мы пазванілі ўдзельнікам, у якіх, паводле спісу, на заўтра плануюцца адмысловыя імпрэзы.

«Копыльскі краязнаўчы музей» прапануе экскурсійнае абслугоўванне.

– Я хачу на экскурсію запісацца. Зараз акцыя праходзіць «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», вось хачу натхніцца. Гэта ж бясплатна так?

– Не, у нас платна.

– Як платна? Напісана, што ёсць акцыя – на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме і па тэлевізары сказалі.

– Так, я першы раз пра гэта чую.

Нам прыглянулася яшчэ адна прапанова – вечар жывой музыкі ў рэстарацыі рэспубліканскага горналыжнага цэнтру «Сілічы».

– Учора быў вечар жывой музыкі

– А тут напісана, што з 6 па 12 а 19.30.

– Так, а дзе Вы гэта прачыталі? Проста на сайце ў нас гэтага няма. Можа быць, там проста невялікая памылка?

Гатэль «Новае Палессе» таксама ў спісе ўдзельнікаў акцыі.

– Тут напісана гатэль у Салігорску і ў вас нават бясплатна пражываць можна?

– Так! Як бясплатна!? Не! Тыдні 2 таму нас запрашалі на сустрэчу ў Менск у Міністэрства турызму і абгаворвалі дадатковыя паслугі.

– Для акцыі ў вас няма чаго прапанаваць?

– Канешне, няма!

Валожынскі гатэль «Карона» нібыта прапануе экскурсіі.

– У сэнсе вы хочаце гатэль паглядзець?

– Я не ведаю, што вы прапануеце – гэта ж вы робіце «обзорную экскурсию».

– Не, мы нічога не робім. Дзе вы на якім сайце гэта прачыталі? Я першы раз ад вас чую.

Прыгожая назва «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Што праўда замест «Адчуй» – адчай, замест натхнення – здзіўленне.

Вольга Старасціна, «Белсат»